«Белпошта» распавяла, у якім выпадку за замежную пасылку трэба будзе даваць справаздачу
13- 22.02.2020, 20:52
- 20,709
Ад атрымальніка будуць патрабаваць дадатковыя тлумачэнні.
Замежныя пасылкі беларусы будуць атрымліваць паводле новых правілаў. Гэта тычыцца адпраўленняў цяжэйшых за 10 кілаграм і даражэйшых за 22 еўры. Такая інфармацыя размешчаная на сайце «Белпошты».
Якія новыя патрабаванні? Пасылкі, што перавышаюць ліміты, фізічная асоба зможа атрымаць толькі пасля падання дадатковай інфармацыі.
- Пасылку са змесцівам больш за 10 кілаграмаў і коштам звыш 22 еўраў фізічная асоба атрымае толькі пасля падання дадатковай інфармацыі ў электронным выглядзе на адрас РУП. Гэта датычыцца і адпраўленняў, для якіх у мытнай дэкларацыі не пазначаная інфармацыя пра кошт ці не змяшчаюцца ўсе звесткі пра атрымальніка, - растлумачылі ў прэс-службе РУП.
Якія звесткі запатрабуюць на пошце? Па-першае, поўнае прозвішча, імя і імя па бацьку фізічнай асобы, адрас пражывання, пашпартныя звесткі, поўнае найменне тавару, колькасць укладанняў у пасылцы і кошт. Падкрэслім, што інфармацыя пошце патрэбная ў электронным выглядзе. Запаўняецца бланк на рускай або беларускай мове тут.
Гэтае новаўвядзенне працуе з пачатку года. Ці патрэбныя ад вас дадатковыя звесткі, вы даведаецеся на сайце ў раздзеле сачэння за пасылкамі або атрымаўшы СМС. У адваротным выпадку, пры незахаванні ўмоў, магчымая адмова ў правядзенні мытных аперацый або вяртанне пасылкі назад.