26 красавiка 2024, Пятніца, 17:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Марчык: Трэба адхіляць Лукашэнку ад улады – і як мага хутчэй

8
Віктар Марчык: Трэба адхіляць Лукашэнку ад улады – і як мага хутчэй
Віктар Марчык

Да гэтага падштурхоўвае сама сітуацыя ў краіне.

Слонімскі актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Віктар Марчык апавёў прэс-службе грамадзянскай кампаніі пра сітуацыю ў рэгіёне.

– Як цяпер ідуць справы з заробкамі, пенсіямі ў Слоніме?

– Заробкі цяпер не застаюцца на ранейшым узроўні – яны падаюць. У асноўным усе прадпрыемствы працуюць на мінімальны заробак. Шмат прадпрыемстваў у нас сталі стратнымі, ёсць прадпрыемствы – банкруты, напрыклад фабрыка "Тэкстыльнік". Таксама многія індывідуальныя прадпрымальнікі зачынілі свае справы, напрыклад ЧУПы. Калі і ёсць у Слоніме адносна аплатныя месцы, то на іх патрабуюцца добрыя спецыялісты з вялікім досведам працы. І тое, нават на такія месцы людзі ідуць неахвотна, таму што з пасадай на чалавека навешваюць дадатковую працу, за якую не хочуць даплачваць.

Мясцовыя кіраўнікі зусім не зацікаўленыя, каб вытворчасці развіваліся, яны жывуць адным днём. У іх так: прайшоў дзень, атрымалі заробак – слава Богу. Кіраўнікі не думаюць пра тое, што цэхі бурацца, лініі ламаюцца. Яны ў гэтым не зацікаўленыя, бо ведаюць: сёння дырэктар, заўтра – не. Яны не думаюць пра развіццё прадпрыемстваў.

Вельмі многія людзі з'язджаюць або імкнуцца з'ехаць за мяжу, таму што ведаюць, што ў той самай Польшчы, напрыклад, яны за такую ж працу, як у Слоніме, атрымаюць у дзесяць разоў больш. Людзі не хочуць у Беларусі працаваць за капейкі і за гэтыя ж капейкі мець яшчэ дадатковыя неаплатныя абавязкі.

– Як справы ў моладзі?

– Дрэнна. Маладым спецыялістам вельмі цяжка ўладкавацца. Таму што калі нават ёсць 1-2 вышэйшыя адукацыі, то, не маючы сувязі, не ўладкуешся. Яшчэ ўвесь час працадаўца патрабуе досвед працы. А дзе маладому спецыялісту пасля ўніверсітэта або магістратуры ўзяць гэты стаж? У нашай дзяржаве няма магчымасці праявіць сябе маладым людзям. Моладзь з'язджае ў больш буйныя населеныя пункты або за мяжу. У рэгіёнах добрыя працоўныя месцы займаюць дзеці чыноўнікаў. Усё вызначаюць сувязі, адкаты і хабары.

Я нядаўна размаўляў з медыкамі. У нас у Слоніме недахоп медсупрацоўнікаў, але маладыя спецыялісты адпрацоўваюць размеркаванне і з'язджаюць. Няма ўмоваў для працы медыкам. Маладыя лекары не зацікаўленыя заставацца ў Слоніме, іх можна зразумець, а пакутуюць у выніку – простыя людзі.

– Якія менавіта заробкі і пенсіі ў Слоніме?

– Заробкі прыкладна складаюць 370–400 рублёў. Ёсць, вядома, прадпрыемствы, дзе атрымліваюць вышэй, але яны і працуюць больш: перапрацоўкі, начныя змены. Вось з гэтымі перапрацоўкамі ды іншым заробкі выходзяць 600–700 рублёў. А так, у асноўным, заробкі мінімальныя ў Слоніме. І 400 рублёў – гэта яшчэ добры заробак уважаецца.

Аляксандр Дзерымарка, жыхар аграгарадка Азярніца, гэта недалёка ад Слоніма, працаваў на дзвюх працах цэлы месяц (дагляднік і слесар) і атрымаў заробак 270 рублёў. Пасля такой несправядлівасці мужчына звярнуўся ў незалежную прэсу, і тады яму на картку дакінули 100 рублёў. Дык гэта ён звярнуўся, а многія асцерагаюцца некуды пісаць і вось жывуць за такія жабрацкія заробкі. А маўчаць людзі таму, што не хочуць страціць нават такі заробак, таму, што іншага – не будзе. Не ўсе ж могуць выехаць за межы Беларусі на працу. У кагосьці ёсць сем'і, маленькія дзеці, хворыя бацькі, яшчэ нешта.

– А што кажуць людзі?

– Кошты ў крамах растуць, камуналка расце, заробкі падаюць, ільготы прыбралі і ў сувязі з гэтым людзі ўжо нічога добрага не чакаюць.

Працоўныя, у адрозненні ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, самі кажуць пра тое, як наладзіць вытворчасць, як палепшыць сітуацыю на прадпрыемствах. У працоўных ёсць ідэі, яны гатовыя працаваць, але кіраўніцтва да іх не прыслухоўваецца. Кіраўніцтва ігнаруе простых людзей, мяркуе сябе больш разумнымі. І вось з такім стаўленнем да простых людзей – усё разбураецца, усё валіцца.

– Як развязаць праблемы?

– У такой сітуацыі застаецца толькі адно – мяняць і ламаць гэтую сістэму, таму што нічога пры гэтай сістэме добрага не будзе. Трэба выкарчоўваць рэшткі ўсёй гэтай сістэмы. А як гэта зрабіць? Трэба адхіляць Лукашэнку ад улады і як мага хутчэй. І вось калі сыдзе дыктатар, нам трэба пачынаць усё з чыстага аркуша.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках