7 жнiўня 2020, Пятніца, 21:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Севярынец: У Беларусі пачалася акцыя масавага непадпарадкавання

37
Таццяна Севярынец: У Беларусі пачалася акцыя масавага непадпарадкавання
ФОТА: TUT.BY

Беларусы адмаўляюцца ўдзельнічаць у афіцыйных мерапрыемствах.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіла віцебская актывістка, маці лідара беларускай апазіцыі Паўла Севярынца, які знаходзіцца пад арыштам, Таццяна Севярынец:

- Amnesty International прызнала Паўла вязнем сумлення. Наколькі для яго цяпер важная наша і міжнародная падтрымка?

- Важная салідарнасць не толькі для Паўла, якога прызналі вязнем сумлення. Па-другое, усе тыя, хто стаў на шлях барацьбы з гэтым рэжымам - ужо вязні сумлення. Мы дапамагаем адзін аднаму, падтрымліваем адзін аднаго, ходзім на суды, аплачваем штрафы. Аднак скажу, што і гэтага не дастаткова.

Ведаю, што ёсць выпадкі такой жа ахвярнасці і гатоўнасці сярод людзей, якія працуюць у сілавых структурах. Шмат хто сыходзіць з органаў. Ёсць пазіцыі іх жонак і сем'яў, якія кажуць, што лепш піць ваду і есці чорных хлеб, але быць з чыстым сумленнем. Выдатна, калі такія думкі з'яўляюцца ў нашых людзей, гэта дае надзею і сілу.

Хацела б звярнуцца да людзей, якія арыштоўвалі майго сына і сказаць, што я не ведаю, хто іх нарадзіў, хто выхоўваў і вучыў. Яны неадукаваныя, бессаромныя, жахлівыя людцы. Калі б яны былі людзьмі, у якіх ёсць гонар і годнасць, узгадалі б, што ў жыцці існуе «эфект бумеранга»: усё да цябе абавязкова вернецца.

Калі Павал арыштаваны - гэта заўсёды вельмі цяжка для мяне. Гэтым разам тое, што адбываецца, проста пераходзіць усе межы.

Толькі салідарнасць можа падтрымаць людзей, якія апынуліся ў такіх умовах, як Павел, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Казлоў. Зараз з'явілася прапанова ад жыхарак Бабруйска стварыць жаночы рух.

Па-першае, дэклараваныя гендэрныя правы дзейнічаюць толькі на словах. Мы ўвесь час чуем у выступах Лукашэнкі «хто такая жанчына» і «дзе яе месца». Па-другое, беларускі жудасна пакутуюць: жонкі, мамы, сёстры, нявесты тых мужчын, якіх забрала ўладу. Паглядзіце, што адчувае Марына Адамовіч, што адчувае нявеста Дзімы Казлова, што адчувае мая Волечка. Таму мы надумалі аб'яднацца, каб супрацьстаяць і патрабаваць ад уладаў вызвалення нашых блізкіх і родных. Усялякае аб'яднанне - гэта добра, але трэба, каб падняўся ўвесь беларускі народ.

- Беларуская дыяспара ў Літве перадала прэзідэнту Гітанасу Науседу зварот аб увядзенні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Пра магчымасць такіх захадаў ужо адкрыта заяўляюць дэпутаты Еўрапарламента і еўрапейскія палітыкі. Наколькі жорсткімі павінны быць санкцыі супраць рэжыму, які катуе сваіх грамадзян?

- Вядома, санкцыі за гэта трэба было ўвесці яшчэ ўчора. Па-другое, у нас дэкларуецца, што мы «перамаглі COVID-19», аднак гэта чарговая хлусня, ад якой аж выварочвае. Захад павінен звярнуць увагу і на гэта.

Чытаю ў знаёмых, колькі людзей перахварэла, колькі памерла, на гэта ўжо не стае слёз. У гэтых бедах зноў вінаваты рэжым, які не стукнуў пальцам аб палец, каб дапамагчы ў гэтай сітуацыі.

Нават я два з паловай месяца была валанцёркай у Віцебску. Сорак гадоў не сядзела за швейнай машынкай, але мне яе прывезлі і я шыла днямі і начамі ўсё тое, што трэба было лекарам. Мала таго, што ідзе хлусня адусюль, дык медыкам забаранілі прымаць нашы сродкі аховы, хоць яны якасныя і вельмі запатрабаваныя. Кіроўцам санітарных машын забаранілі адзяваць ахоўныя камбінезоны, каб "не палохаць людзей".

У выніку людзі расслабіліся. Цяпер мала хто нават у краме носіць маску. Няма ніякай рэкламы, якая б заклікала сцерагчыся і сачыць за сабой, але ж вірус раз'ядае людзей і не дае дыхаць. Страшнейшая за каранавірус - толькі наша ўлада. Таму міжнародны ціск вельмі важны, калі ўлады не чуюць голас уласнага народа, то хай пачуюць заявы еўрапейскіх палітыкаў.

- Чым могуць быць выкліканыя такія неадэкватныя дзеянні беларускіх уладаў?

- Улады проста ў істэрыцы ад страху. Нядаўна размясціла ў сеціве вайсковую прысягу, якую даюць салдаты і міліцыянты, якія паступаюць на службу. Там жа ні слова не сказана пра тое, што трэба служыць Лукашэнку. Там сказана «служыць беларускаму народу і абараняць канстытуцыю РБ». Прэзідэнт - гэта наняты грамадствам мэнэджар, a Лукашэнка надумаў, што яму гэта далі гэтую пасаду пажыццёва, маўляў, мы яго самі выбралі. Табе людзі паверылі, а ты падмануў усіх ад малога да вялікага!

- Што з падзей у краіне і свеце дае вам надзею на блізкія перамены?

- Тое, што адбываецца нельга нават параўноўваць з сітуацыяй, якая была ў мінулыя гады. Нават у снежні 2019 года, калі людзі выходзілі ў абарону незалежнасці, нас было менш. Цяпер шмат хто расплюшчыў вочы, прачнуўся, убачыў, што адбываецца.

Хтосьці проста стаў прыхільнікам перамен, хтосьці ўскладае надзеі на Бабарыку і Ціханоўскага. Беларусы паверылі, што змяніць сітуацыю магчыма. Галоўнае, што людзі ўжо вызваляюцца ад страху.

Нядаўна судзілі дзяўчыну, якая апынулася на мітынгу цалкам выпадкова. Яна ніколі раней не пратэставала, але трапіла пад раздачу, атрымала штраф. Цяпер ходзіць па ўсіх судах і пратэстуе, бо ёй стала не ўсё адно. Яна проста ўбачыла, як гэта адбываецца з іншымі, не хоча без прычыны адказваць за тое, што выйшла на вуліцу, плаціць грошы гэтаму рэжыму.

Пачалася акцыя масавага непадпарадкавання: няўдзел у дзяржаўных святах, у акцыях, якія арганізоўвае ўлада.

Цяпер патрэбны агульнанацыянальны страйк. Начальнік не плаціць заробак на прадпрыемстве? Не трэба і працаваць! Давайце перагледзім, што такое прафзвязы і навошта іх калісьці стваралі.