Найлепшы бамбардзір менскага «Дынама» «кінуў» міліцыю і збег у Ізраіль
8- 6.10.2021, 16:58
- 42,112
У беларускім футболе скандал.
Афрыканскі форвард Аблай Мбенг скасаваў кантракт з менскім «Дынама» і падпісаў дамову з «Макабі» з Петах-Ціквой, піша сайт тэлеканала «Белсат».
Беларуская міліцыя, у структуру якой уваходзіць «Дынама», збіраецца цяпер шукаць праўды ў Еўропе і дамагацца санкцый супраць футбаліста.
Правы на футбаліста Аблая Мбенга належалі чэчэнскаму «Ахмату» і часткова менскаму «Дынама». Афрыканскі футбаліст выступаў за чачэнскі клуб з 2015 года.
У сакавіку 2021 года Мбенг падпісаў арэндны кантракт з менскім «Дынама», форварда вельмі хацеў бачыць у складзе каманды галоўны трэнер менскага клуба Леанід Кучук. І сенегальскі футбаліст адразу стаў лідарам каманды, і ў 15-ці гульнях забіў 10 галоў. Але летам у міліцэйскай каманды паўсталі фінансавыя праблемы: футбалістам знізілі заробкі, нават паўсталі праблемы з іх выплатай. Тады Кучук заявіў, што ў такой сітуацыі немагчыма выконваць сур'ёзныя задачы, і падаў у адстаўку, якая была прынятая кіраўніцтвам. А неўзабаве Кучук узначаліў львоўскі «Рух».
Летась «Дынама», якое належала бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, перайшло ў структуру беларускай міліцыі, ім стала кіраваць БФСТ «Дынама».
Цяпер яно робіць такую заяву:
«У сувязі з укладаннем футбалістам Аблаем Мбенгам, які перайшоў на ўмовах арэнды ў наш клуб з ФК «Ахмат» у канцы сакавіка гэтага года, працоўнага пагаднення з трэцім клубам, менскае «Дынама» паведамляе наступнае.
Аблай Мбенг у аднабаковым парадку скасаваў працоўныя стасункі з грозненскім і менскім клубамі, якія добрасумленна выконваюць свае кантрактныя абавязацельствы, што супярэчыць рэгламентным дакументам ФІФА.
У сітуацыі, якая склалася, дзеянні гульца, а таксама дзеянні клуба, які падпісаў з Аблаем Мбенгам працоўнае пагадненне, будзе ацэньваць кампетэнтны орган ФІФА ў развязанні спрэчак».
А гэта значыць, міліцэйская каманда хоча санкцый у дачыненні да футбаліста, і каб гэтая справа разглядалася паводле еўрапейскіх законаў.
Такія інцыдэнты ў беларускім футболе ўжо былі: у 2012 годзе з берасцейскага «Дынама» збег бразілец Давід Лазары, а ў 2018 годзе тое ж самае зрабіў аргентынец Леандра Торэс, які меў дзейны кантракт з берасцейскім «Дынама» і ўцёк у Мексіку. Берасцейскае «Дынама» спрабавала вярнуць сваіх футбалістаў, але так нічога і не дамаглося. Паглядзім, як атрымаецца ў іншага «Дынама» - менскага.