Дамінік Гашэк раскрытыкаваў удзел расіян у Матчы зорак НХЛ
- 5.06.2026, 19:40
Легендарны чэшскі хакеіст лічыць, што расіяне не павінны гуляць з гульцамі іншых краін.
Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1998 года ў складзе зборнай Чэхіі Дамінік Гашэк раскрытыкаваў удзел расійскіх гульцоў у Матчы зорак Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ), перадае яго словы iSport.
«Абавязак усіх хакейных асацыяцый, гульцы якіх маглі б увайсці ў склад зборнай свету, — як мага хутчэй асудзіць далейшыя спробы НХЛ узмацніць рэкламу расійскіх дзеянняў. Неабходна пачаць абараняць гульцоў сваёй краіны, якія ўжо знаходзяцца пад ціскам з боку сваіх працадаўцаў і ўсёй НХЛ. Мы павінны дапамагчы гэтым хлопцам неадкладна, а не заўтра. Мы не павінны дазволіць НХЛ ператварыць іх у карысных ідыётаў», — сказаў Гашэк.
Паводле яго слоў, калі чэшскі хакеіст трапіць у каманду з расіянінам, дык усё жыццё будзе думаць, што ўдзельнічаў у «рэкламе» вайны.
НХЛ абвясціла, што Матч зорак у 2027 годзе пройдзе ў новым фармаце. Замест традыцыйнай гульні «дывізіён на дывізіён» або драфту капітанаў адбудзецца «міні-чэмпіянат свету» па кругавой сістэме ў фармаце «тры на тры»: Канада, Фінляндыя, Швецыя, ЗША і «астатні свет». Журналіст Зак Хайман у сацсетцы X паведаміў, што намеснік камісара лігі Біл Дэйлі ўжо пацвердзіў удзел расійскіх хакеістаў у складзе зборнай «свету».
Гашэк, які сам гуляў у НХЛ і КХЛ, рэгулярна выступае супраць удзелу расіян у міжнародных спаборніцтвах.