Навукоўцы адкрылі новую планету, атмасфера якой награваецца да 2700 °С
4- 1.05.2021, 21:19
- 3,890
Яна размешчаная за 490 светлавых гадоў ад Зямлі.
Аўстралійскія астраномы адкрылі «пякельную» планету, паверхня якой больш гарачая за некаторыя зоркі. Аб'ект назвалі TOI-1431b, ён размешчаны на адлегласці 490 светлавых гадоў ад Зямлі, піша lenta.ua.
Новая планета мае дастаткова вялікія памеры. Яна прыкладна ўтрая больш масіўная за Юпітэр і знаходзіцца паблізу яркай зоркі, якая награвае яе атмасферу ў дзённы час дня да 2 700°С. За ноч TOI-1431b астывае толькі да 2 300°С. Аўтар праведзенага даследавання доктар Брэн Эдзісан з астрафізічнага цэнтра Універсітэта Паўднёвага Квінслэнду распавёў, што ўмовы на гэтай планеце сапраўды «пякельныя». Ніякіх формаў жыцця на ёй існаваць не можа.
Большасць запасаў металаў на аб'екце выпарылася пад уздзеяннем экстрэмальных тэмператур. Са слоў навукоўца, такія планеты належаць да «звышгарачых Юпітэраў» і сустракаюцца рэдка. Фактычна - гэта газавы гігант, таму ў рэальнасці ў яе адсутнічае цвёрдая паверхня, як у іншых планет Сонечнай сістэмы. Іншымі словамі, гэта вялікая і глыбокая атмасфера. Астраномы найбліжэйшым часам зоймуцца вывучэннем распаленага гіганта.