Кулеба: Ва Украіне вядзецца дынамічная работа ў скарачэнні колькасці расейскіх дыпламатаў
5- 1.05.2021, 21:37
- 5,652
Кіраўнік МЗС Украіны адзначыў, што краіна толькі рэагуе на правакацыі супраць сваіх дыпламатаў.
З пачатку расейскай агрэсіі на тэрыторыі Украіны памяншаецца колькасць дыпламатаў РФ, заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, піша «Гордон».
Гаворка пра гэта зайшла пасля пытання пра высылку з Адэсы расейскага консула ў адказ на абвяшчэнне персонай нон грата ўкраінскага дыпламата.
«Гэта ж расейцы запусцілі гэты махавік. Яны выгналі нашага консула з Пецярбурга. Мы выгналі ў адказ іх супрацоўніка з амбасады. Цяпер яны наважылі, што ім трэба таксама выгнаць кагосьці з нашай амбасады. Выгналі нашага з амбасады. І мы для сіметрыі выгналі іх консула. Я не ведаю, чаго расейцы дамагаюцца. Нейкае ладзяць шоў», - сказаў Кулеба.
Ён падкрэсліў, што Украіна заўсёды будзе дзейнічаць «на аснове прынцыпу ўзаемнасці».
На пытанне, ці можна выгнаць з Украіны, як у Чэхіі, расейскіх дыпламатаў «шмат і адразу», кіраўнік МЗС адказаў, што Прага выгнала пасля аднаго выпадку.
«А ў нас з 2014 года вядзецца планавая праца ў гэтым кірунку. Гэта значыць, яны ўвесь час кагосьці з украінскіх дыпламатаў выганяюць, а мы іх. Таму сукупна ў нас, на жаль ці на шчасце, такая вельмі дынамічная работа ў памяншэнні [колькасці] расейскіх дыпламатаў на тэрыторыі Украіны», - патлумачыў Кулеба.
Ён адзначыў, што ўкраінскі бок толькі рэагуе на правакацыі супраць украінскіх дыпламатаў.