25 верасня 2021, Субота, 14:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лісічкі ў Беларусі сёлета - залатыя»

4
«Лісічкі ў Беларусі сёлета - залатыя»

Цэны на грыбы ўзляцелі больш, чым удвая.

Хто сказаў, што чарніцы сёлета прапалі? У Докшыцкім раёне вясковыя жыхары зарабляюць на ёй сабе прыбаўку да пенсіі або заробку. Праўда, для гэтага даводзіцца ўставаць у чатыры гадзіны раніцы - у пяць ва ўмоўленым месцы ўжо спыняецца мікрааўтобус, тых, хто спазніўся, не чакае. Ехаць даводзіцца ва ўсё больш аддаленыя месцы, таму што ў найбліжэйшых лясах чарніцы амаль не засталося. Хто паспеў, той першым да яе дабраўся з камбайнамі. Там вакол кусцікі з абадраным лісцем і адзінкавымі ацалелымі ягадкамі, піша kp.by.

Нарыхтоўшчыкі з машынамі дзяжураць на выездзе з лесу, палягчаючы зборшчыкам чарніц жыццё. Нікуды не трэба ехаць, выдаткоўваць час і сілы.

Ягаду прымаюць не перабраную, з лісцем і іншым смеццем. Тыдні тры таму ўсё пачыналася з чатырох рублёў за кілаграм, потым цана хутка паднялася да пяці, а цяпер за кіло чарніцы плацяць 7 рублёў. У 10-літровым вядры змяшчаецца амаль шэсць кілаграмаў ягад. Прачнуўся на досвітку, папрацаваў, атрымаў 40 рублёў - і ў 10 гадзін раніцы ужо вольны. Такі графік усіх задавальняе, хоць жанчыны прызнаюцца, што падымацца ў такую рань вельмі цяжка. Але калі хочацца зрабіць рамонт у доме, купіць новы ровар або проста адкласці пабольш грошай у скарбонку, даводзіцца ісці на такія ахвяры. Дарэчы, закупачны кошт на чарніцы сёлета вышэйшы. Мінулым летам «столь» была пяць рублёў за кілаграм.

А вось з лісічкамі пакуль бяда. У лесе іх могуць знайсці або шчасліўчыкі, або тыя, хто з дзяцінства ведае таемныя месцы іх пражывання. Я за дзве гадзiны тулянняў па лесе, дзе лісічкі былі заўсёды, не знайшла ніводнага нават самага малюсенькага грыбочка. Наважыла паспрабаваць шчасця ў нарыхтоўшчыка. Пытаюся адразу, ці ёсць у яго лісічкі і пачым. Мужчына адказвае неахвотна - маўляў, усё роўна не купіце, занадта дорага. Потым усё ж разгаварыўся:

- Па 23 рублі прадаю. Дорага? А я ж вам казаў. А што рабіць, калі няма іх. Во сёння толькі кілаграм дзевяць прыняслі, а летась машына цалкам была імі застаўленая. Каб я прымаў іх па 6 рублёў, як летась, дык вам бы за 7 прадаў. А так прымаю па 16. Залатыя лісічкі сёлета.

За колькі ён сам здае гэтыя лісічкі аптовым нарыхтоўшчыкам, мужчына так і не распавёў - камерцыйная таямніца, кажа. Заадно цікавіцца, што гэта мне так прыспічыла лісічкі купіць. Маўляў, яшчэ дажджы будуць, можна ўвесь жнівень і верасень збіраць. Распавядаю яму, што грыб жудасна карысны, лячэбны, можна сказаць, усіх паразітаў выводзіць.

- Вось за мяжой мусіць усе гэта ведаюць, раз так цэняць нашу лісічку, - разважае ён, запальваючы. - Каб у нас так ведалі!

- Ну можа яшчэ разбагацею і куплю у вас па 23 рублі, - абнадзейваю я яго на развітанне.

- Ой, - смяецца, - Яны ў вас колам у горле могуць стаць за такія грошы!

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».