Капітан 1-га рангу ВМС ЗША ў адстаўцы Табах: Караблі РФ не змаглі дагнаць і абстраляць брытанскі эсмінец
31- 5.07.2021, 21:51
- 42,074
Іхнія кітайскія рухавікі былі «забітыя».
Расейскія памежныя караблі не змаглі дагнаць брытанскі эсмінец і "забілі" свае рухавікі. Пра гэта ў эфіры тэлеканала Obozrevatel TV 2 ліпеня заявіў капітан 1-га рангу ВМС ЗША ў адстаўцы Юры (Гары) Табах.
Каментуючы інцыдэнт з HMS Defender D36 23 чэрвеня ў Чорным моры, Табах адзначыў, што расейцы тройчы патрабавалі, каб эсмінец пакінуў "воды РФ", але брытанцы настойвалі, што знаходзяцца ў тэрытарыяльных водах Украіны паводле міжнароднага права, "таму яны не мянялі курс і ішлі ". На трэці раз расейцы прыгразілі адкрыць агонь.
"Але брытанцы бачылі, што агонь яны не могуць адкрыць, у іх няма такой магчымасці, інакш брытанцы, я ўпэўнены, збілі б іх першымі. Яны прадаўжалі ісці і ігнараваць іх", – сказаў Табах.
Паводле ягоных словаў, Defender – гэта сучасны карабель, які "бачыць і чуе ўсё, што адбываецца ў Чорным моры і далей".
"Кажуць, што былі чуваць нейкія стрэлы – ішлі расейскія вучэнні. Чорт іх ведае, можа, яны рыбу там глушылі. А потым падумалі: давайце мы скажам, што мы па іх стралялі", – дапусціў Табах.
Спасылаючыся на крыніцу, ён падкрэсліў, што расейскія памежныя караблі дагнаць брытанскі эсмінец не маглі, а "калі яны вярнуліся да сябе на базу, усе іхнія рухавікі былі забітыя".
"Таму што яны не маглі так доўга і так хутка ісці. Рухавікі там павінны былі стаяць нямецкія, але паколькі Расея пад санкцыямі, яны паставілі кітайскія рухавікі, і тыя не вытрымалі", – растлумачыў капітан 1-га рангу ВМС ЗША ў адстаўцы.