Рэжым Лукашэнкі асудзіў Сцяпана Латыпава на 8,5 гадоў калоніі
30- 16.08.2021, 14:48
- 14,072
Прысуд вынес суддзя Аляксандр Воўк.
Жыхару «Плошчы пераменаў» арбарысту Сцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму і штраф на 300 базавых, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна". Такі прысуд сёння вынес суд Савецкага раёну Менску. Пракурор патрабаваў для палітвязня 8,5 гады пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму і штраф на 300 базавых адзінак. Латыпаў не прызнаў сваю віну ні паводле аднаго з трох артыкулаў КК, паводле якіх яму выстаўлялі абвінавачванне, паведамляе zerkalo.io.
Сцяпану Латыпава выставілі абвінавачванні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі:
ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак);
ч. 2 арт. 363 КК (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў);
ч. 4 арт. 209 КК (Махлярства ў асабліва вялікай памеры).
Пракурор запытаў для абвінавачанага 8,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф сумай 300 базавых адзінак (8700 рублёў).
Хто такі Сцяпан Латыпаў
Сцяпана Латыпава, жыхара сталічнай «Плошчы пераменаў», затрымалі 15 верасня каля мурала з «дыджэямі перамен». Праз некалькі дзён на дзяржаўнай ТВ выйшлі сюжэты пра тое, што Латыпаў нібыта збіраўся распыляць яды, каб цкаваць міліцыянтаў, але ў справе гэтых абвінавачванняў не было.
Яму інкрымінуюць махлярства ў асабліва вялікай суме (гэта звязана з апрацоўкай тэрыторый ад баршчэўніка), арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і супраціў міліцыі падчас затрымання ў «двары перамен».
Суд над Латыпавым пачаўся 1 чэрвеня. На першым судовым пасяджэнні абвінавачаны ўваткнуў асадку сабе ў горла. Перад гэтым ён заявіў, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пагражалі завесці крымінальныя справы ў дачыненні да яго сваякоў і суседзяў, калі ён не прызнае віну. З залы суда мужчыну забралі ў шпіталь, дзе яго прааперавалі. Пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. У ноч пасля аперацыі яго забралі з лякарні і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
10 чэрвеня суд накіраваў Сцяпана на судова-псіхіятрычную экспэртызу. 27 ліпеня суд аднавіў разгляд крымінальнай справы.