10 кастрычнiка 2024, Чацвер, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзясяткі тысяч беларусаў будуць ваяваць супраць Расеі на баку Украіны»

36
«Дзясяткі тысяч беларусаў будуць ваяваць супраць Расеі на баку Украіны»

Пуцін ператварыў сваю краіну ў жабрака і агрэсіўнага хулігана.

Наколькі магчымы пачатак вайны ў нашым рэгіёне? Чаго дабіваецца Пуцін? Як рэвалюцыя ў Казахстане спалохала беларускі рэжым? Ці варта зважаць на лукашэнкаўскі «рэферэндум»? Ці чакаюць Беларусь бунты «пустых рондаляў»? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Мы назіраем абвастрэнне стасункаў паміж Расеяй і блокам NATO. Якія мэты ставіць перад сабой у гэтым канфлікце Пуцін і навошта яму спатрэбіліся гэтыя «гарантыі бяспекі»?

- Так званыя гарантыі бяспекі патрэбныя яму ў якасці падставы для пачатку вайсковых дзеянняў. Прычым менавіта немагчымыя патрабаванні да NATO гавораць аб тым, што не толькі Украіна можа з'яўляцца мэтай Расеі на сённяшні дзень. Ёсць выцекі, агаворкі пуцінскіх чыноўнікаў, дзе гаворыцца, што NATO можа быць адкінута да межаў 1997 года.

Ідзе моцная прапаганда ў Расеі супраць ЗША, супраць усяго блока NATO. І таму не выключаю, што Пуцін рыхтуе не толькі ўдар па Украіне, але і, напрыклад, стварэнне так званага «Сувалцкага калідора» з Беларусі ў Калінінград для таго, каб адсекчы краіны Балтыі.

Неабходна памятаць, што ідзе ціск таксама на Швэцыю і Фінляндыю, якія не з`яўляюцца краінамі NATO. І калі зірнуць на карту, на ўсходнюю частку Балтыйскага мора, то Расея мае тут яўную перавагу. Гэта значыць, у краін Балтыі флоту практычна няма. Таксама ў Калінінградскай вобласці знаходзіцца вялізная групоўка і наземная, і вайсковая марская, і таму, мне здаецца, у расейскіх генералаў і адміралаў там вельмі вялікія апетыты. Цяпер яны правяраюць Захад на трываласць.

- Ці паспяхова Захад і Украіна рэагуюць на гэтыя дзеянні Крамля?

- Гэта будзе залежаць ад таго, ці пачнецца агрэсія Расеі ці не пачнецца. Калі гэтага не адбудзецца, тады мы можам сказаць, што дзеянні былі паспяховымі. Але, дзякуй Богу, Захад пачаў пастаўку ўжо сур'ёзнай зброі ва Украіну, праз краіны Балтыі пайшлі пастаўкі амерыканскіх «Стынгераў».

Мы ведаем, што ў Афганістане яны адыгралі ключавую ролю ў вывадзе савецкіх войскаў у 1989-м годзе. Былі вялізныя страты самалётаў і гелікаптэраў. Лётчыкі адмаўляліся паднімацца ў неба.

Аднак мне здаецца, што патрэбныя санкцыі да пачатку баявых дзеянняў, а не як пагроза «вось калі пачнецца вайна - тады мы ўвядзём». Калі пачнецца, тады ўжо расейцы не адступяць, бо будуць баі, ды і загінуць дзясяткі тысяч людзей. Санкцыі патрэбныя спачатку.

Калі браць Украіну, то я б падзяляў, скажам, украінскіх добраахвотнікаў, украінскі народ, украінскіх вайскоўцаў і кіраўніцтва. Колькі беларускія дэмакраты не папярэджвалі аб пагрозе агрэсіі Расеі з тэрыторыі Беларусі, але ўсё адно палітыкі, у тым ліку якія называюць сябе дэмакратычнымі - Юшчанка, Парашэнка, Зяленскі - усё роўна вялі актыўны гандаль з рэжымам Лукашэнкі. І не развівалі, напрыклад, сваю нафтаперапрацоўку, а залежалі ад паставак нафтапрадуктаў, якія былі зроблены з расейскай нафты. А сёння яны ж і кажуць: «трэба трымаць украінскае войска ў тым ліку і на поўначы». Гэта вялізная праблема. Аднак мы бачым, што 2021 год быў амаль рэкордным у гандлі з рэжымам Лукашэнкі.

Прычым украінскія ўлады патрабуюць дапамогі ад Захаду, а самі ў парушэнне міжнародных санкцый гандлююць з рэжымам Лукашэнкі і каліем, і азотам, ну і самае галоўнае - нафтапрадуктамі. І наўрад ці такую палітыку можна назваць мудрай.

Са свайго асабістага досведу скажу, што калі мы ездзілі ва Украіну і размаўлялі з украінскімі палітыкамі, мы казалі, што ў Беларусі будзе непазбежная рэвалюцыя, неабходная хаця б інфармацыйная падтрымка з боку Украіны для дэмакратычных сіл, і толькі дэмакратычная Беларусь будзе гарантыяй бяспекі для Украіны. Але гэта ўсё прапускалася міма вушэй.

Сёння ж Украіна сапраўды вымушана супрацьстаяць супольнай расейска-лукашэнкаўскай вайсковай групоўцы, якая цяпер размясцілася ад Берасця да Смаленска. Канцэнтрацыя войскаў у раёне Гомеля кажа аб тым, што не выключана ўварванне ў кірунку сталіцы Украіны - Кіева.

- Расея праводзіць беспрэцэдэнтную аперацыю перакідкі войскаў у Беларусь. Якую ролю ў гэтым канфлікце з Захадам Пуцін даў свайму васалу Лукашэнку?

- Лукашэнка састарэў і вельмі моцна завінаваціўся Расеі і, напэўна, асабіста Пуціну ў нейкіх шэрых фінансавых схемах. І цяпер, калі ўвайшлі расейскія войскі ў вялікай колькасці, ніякай ролі ён не адыгрывае, зараз Крэмль сам будзе вызначаць: атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі ці не, прабівацца ў бок Калінінграда з Гарадзенскай вобласці ці не.

Меркаванне Лукашэнкі тут нецікавае: калі ён што-небудзь вякне, Пуцін проста адправіць батальён з раёна Гомеля ў Астрашыцкі гарадок і Дразды. Ну, і не будзе там Лукашэнкі, будуць іншыя паліцаі. Вось такая сёння ў яго незайздросная роля.

- Давайце пагаворым аб рэвалюцыі ў Казахстане. Як сыход Назарбаева і пратэсты ў гэтай краіне паўплывалі на беларускі рэжым?

- Было бачна, што беларускі ўзурпатар перапалоханы. І ён паспрабаваў набраць нейкія там балы ў вачах Пуціна, таму першым прапанаваў адправіць беларускіх жаўнераў у Казахстан.

Імклівы вывад войскаў АДКБ (калі яны сапраўды былі выведзеныя) сведчыць аб тым, што ўсё ж такі асноўны кірунак расейскай экспансіі плануецца на заходнім напрамку. І таму яшчэ адзін фронт, яшчэ адна гарачая мясціна ў Казахстане, была для Расеі не патрэбная.

Думаю, што рэвалюцыя напалохала і Пуціна. Таму і была такая імклівая рэакцыя на просьбу Такаева аб увядзенні войскаў.

Аднак думаю, што сітуацыю ў Казахстане ён не развязаў. Як паказвае досвед, пратэсты былі масавымі па ўсёй краіне, вось так проста іх задушыць нельга. І мы памятаем, што ў Беларусі пратэсты 2017 года потым выліліся ў наймагутнейшую рэвалюцыю ў 2020-м. Думаю, што гэтыя праблемы, якія назапашваліся ў Казахстане дзесяцігоддзямі, не развязаныя, а казахстанская рэвалюцыя яшчэ працягнецца.

— Офіс Святланы Ціханоўскай і НАУ заклікаюць беларусаў узяць удзел у так званым лукашэнкаўскім рэферэндуме. Як вы ставіцеся да такой ідэі?

- Я заўсёды скептычна ставіўся да гэтых структур. Трэба фіксаваць факты, а факты наступныя: у лістападзе, калі Беларускае аб'яднанне працоўных заклікала да страйку, Лукашэнка і ўсе прапагандысцкія дзяржаўныя СМІ накінуліся на лідараў працоўнага руху. І Лукашэнка выступаў супраць страйку, супраць страйку выступіў і офіс Ціханоўскай.

Потым Беларускае аб'яднанне працоўных і іншыя дэмакратычныя лідары заклікалі да Народнага карантыну, бо Лукашэнка яго не ўводзіць і ўлады нічога робяць, а наадварот імкнуцца заразіць усіх беларусаў каранавірусам, рэалізуючы вар'яцкую ідэю калектыўнага імунітэту без сур'ёзнай вакцынацыі. І офіс Ціханоўскай выступіў супраць Народнага карантыну, супраць Народнага локдаўну.

Цяпер Лукашэнка ва ўмовах успышкі «омікрона», пятай хвалі каранавіруса, будзе заганяць беларусаў на выбарчыя ўчасткі для ўдзелу ў гэтым ідыёцкім «рэферэндуме». Офіс Ціханоўскай таксама заклікае беларусаў ісці на выбарчыя ўчасткі і гуляць у крыжыкі-нулікі з рэжымам. Таму для мяне няма нічога новага - ацэньвайце дрэва па яго пладах.

- Кажучы аб сітуацыі ў Беларусі, у 2021 годзе інфляцыя ў нашай краіне пабіла пяцігадовы рэкорд. Наколькі сёння актуальнае пытанне «бунту пустых рондаляў»?

— Думаю, што бунты магчымыя, бо нягледзячы на цяжкія рэпрэсіі ёсць дастаткова вялікія групы насельніцтва ў Беларусі, якія ледзь-ледзь сточваюць канцы з канцамі і якія могуць бунтаваць, бо загнаныя ў кут.

Чвэрць жыхароў Беларусі, гэта значыць пенсіянеры, атрымліваюць ад 50 да 200 даляраў пенсіі ў сярэднім, а большасць - дзесьці 100-150 даляраў. Калі гэтыя лічбы называеш людзям нават у краінах-суседзях, у Літве, у Польшчы, усё ў шоку, як можна пражыць на такія грошы, тым больш, што шмат якія прадукты ў Беларусі даражэйшыя, чым у краінах-суседзяў.

У той самы час мы ведаем, што ў Беларусі былі масавыя звальненні, масавыя скарачэнні і з палітычных прычын, і для падрыхтоўкі прадпрыемстваў да прыватызацыі расейскімі бізнэсоўцамі. Праходзіла так званая аптымізацыя, то бок значная колькасць людзей была звольненая. І адначасова гэтыя людзі трапляюць у вар'яцкую схему, калі беспрацоўныя, званыя ўладай «дармаедамі», звольненыя людзі, абавязаныя ў некалькі разоў больш плаціць за камуналку. Для соцень тысяч беларусаў сёння размова ідзе проста аб выжыванні. І яшчэ не ўсе звольненыя ў канцы года ў Беларусі атрымалі гэтыя падвышаныя рахункі. Але працы няма, працу не знайсці ў рэгіёнах, выехаць з краіны на заробкі - таксама вялікая праблема. Таму могуць быць стыхійныя бунты. А што рабіць людзям? Яны загнаны ў кут, не застанецца ніякага іншага выйсця, акрамя бунту.

- Зыходзячы з усяго, што вы сказалі, чаго чакаць беларусам найбліжэйшым часам і што рабіць?

- Трэба шчыра сказаць сабе, што мы ўсе разам, беларусы, выпусцілі «акно магчымасцяў» у 2020 і 2021 гадах. У тым ліку з прычыны таго, што сапраўдныя лідары знаходзяцца ў турмах, а тыя, хто сябе такімі назваў, былі цалкам не гатовыя да кіравання працэсамі і кіраўніцтва рэвалюцыяй.

Адначасова, жадаем мы гэтага ці не жадаем, імкненне расейскага кіраўніцтва развязаць вайну ў рэгіёне вельмі сур'ёзнае. Эвакуацыя дыпламатычнага персаналу з Кіева вядучымі краінамі Захаду сведчыць аб тым, што вайна магчымая, як гэта ні страшна казаць.

Многія беларусы прайшлі турмы, многія знаходзяцца ў эміграцыі, большасць у Беларусі знаходзяцца ў складанай сітуацыі, але, магчыма, нам наканавана перажыць яшчэ адно выпрабаванне ў выглядзе вайны.

Безумоўна, ёсць яшчэ шанец, што яе не будзе, бо Захад яе не хоча. І цяпер заходнія палітыкі зразумелі, што простымі размовамі з Пуціным ніякіх пытанняў не развязаць. І ідзе ўзмацненне пазіцый Захаду, узмацненне пазіцый NATO ў рэгіёне. Беларусам трэба быць гатовымі да ўсяго.

Думаю, у выпадку расейскай агрэсіі дзясяткі тысяч беларусаў будуць ваяваць супраць Расеі на баку Украіны і абараняць незалежнасць сваёй краіны.

Упэўнены, што імкненне Пуціна і расейскіх генералаў бразгаць зброяй, пачаць агрэсію супраць Украіны і іншых краін, паходзіць ад слабасці. Бо ў параўнанні з сусветнымі цэнтрамі сілы, з Еўрапейскім Звязам, ЗША, тым жа Кітаем, Расея за апошнія 20 гадоў, за час кіравання Пуціна, ператварылася ў жабрака і агрэсіўнага хулігана.

Адсотак расейскага ВУП у сусветнай эканоміцы проста нікчэмны і памяншаецца з кожным годам. І беларусам трэба заставацца беларусамі, чакаць моманту, калі ўключыцца на ўсю моц і разам з саюзнікамі дабіцца сапраўднай незалежнасці краіны і свабоды. У Савецкага Саюза войска было ў некалькі разоў большае, чым у Расеі. Кантынгенты савецкіх войскаў стаялі на Кубе, у Анголе, у Афганістане, Манголіі, не кажучы ўжо пра Вугоршчыну, Чэхаславакію, Польшчу і Усходнюю Нямеччыну. Але абрынуўся «савок», як кажуць, за тры секунды. Так што спадзяемся на лепшае і рыхтуемся да змены ўлады. Беларусы ўжо заслужылі найлепшае жыццё.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках