Новая вайсковая база з'явіцца на ўсходзе Польшчы
4- 5.11.2022, 21:00
- 9,436
Марыюш Блашчак заявіў, што Польшча праводзіць палітыку адпужвання.
Новая вайсковая частка Войска Польскага будзе размешчаная ў месце Кольне Падляшскага ваяводства. Віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак падпісаў умову з органамі мясцовага самакіравання аб перадачы адпаведнай нерухомай маёмасці, перадае «Польскае радыё».
На прэсавай канферэнцыі ў Кольне Марыюш Блашчак падкрэсліў, што новы батальён механізаванай брыгады будзе мець вялікае значэнне для бяспекі Польшчы:
«Новае падраздзяленне, якое з'явіцца ў Кольне, увойдзе ў склад механізаванай дывізіі, якая ствараецца на Падляшшы. Яе асноўнай мэтай будзе абарона ўсходніх меж краіны - Падляшскага ваяводства. Мы робім усё для таго, каб вораг не наважыўся напасці на Польшчу – павялічваем колькасць Войска Польскага, мадэрнізуем яго, развіваем Войскі тэрытарыяльнай абароны. Праводзім палітыку адпужвання».
Віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак нагадаў, што польскае войска даўней не дыслакавалася ў Кольне. Паводле ягоных слоў, наяўнасць вайсковай часціны дасць месту імпульс для эканамічнага развіцця, інвестыцый і новых працоўных месцаў.