У «Антонаве» паведамілі пра будаўніцтва другога Ан-225 «Мрыя»
12- 7.11.2022, 21:52
- 12,040
Самалёт гатовы на 30%.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Антонаў» вядзе будаўніцтва другога самалёта Ан-225 «Мрыя», які стане заменай таму самалёту, які быў знішчаны акупантамі ў Гастомелі Кіеўскай вобласці. Пра гэта, як паведамляе 7 лістапада нямецкае выданне Bild, расказаў генеральны дырэктар ДП «Антонаў» Яўген Гаўрылаў.
«Працы над новай машынай вядуцца ў таемным месцы. Другі Ан-225 будзе забяспечаны як новымі дэталямі, так і часткамі разбамбаванага [у Гастомелі] самалёта», – расказаў Гаўрылаў.
Ён адзначыў, што другая «Мрыя», якая ў свой час так і не была дабудаваная, гатовая ўжо на 30%. Кошт працы ацэньваецца на €500 млн.
Bild піша, што збіраць грошы на дабудаванне другога самалёта «Мрыя» будуць у тым ліку ў міжнародным аэрапорце «Лейпцыг / Гале», дзе часова базуецца авіякампанія «Антонаў» і куды часта лётала першая ўкраінская «Мрыя» да таго, як была знішчаная падчас нападу акупантаў на аэрапорт «Антонаў». Так, у Лейпцыгу, паводле словаў Гаўрылава, плануецца прадаваць мадэлі Ан-225, тут жа адкрыецца выстава з фатаграфіямі знішчанай «Мрыі».