Найбуйнейшая суднаходная кампанія Кітая адмовілася вазіць расейскую нафту
4- 21.12.2022, 21:09
- 8,222
Кампанія перастала вазіць нафту з далёкаўсходняга порта Козьміна з 5 снежня.
Расейскія нафтавікі сутыкаюцца з нарастаннем байкоту міжнародных танкерных вознікаў пасля ўвядзення «граніцы цаны» сваёй нафты і забароны на страхавыя паслугі, калі санкцыі не выконваюцца.
Як паведамляе Bloomberg са спасылкай на суднавых брокераў, ад перавозкі нафты з Расеі адмовілася кітайская China Cosco Shipping – найбуйнейшы аператар марскіх перавозак у КНР у свеце, флот якога налічвае больш за 1,4 тысячы суднаў.
Кампанія з 5 снежня перастала вазіць нафту з далёкаўсходняга порта Козьміна, адкуль кароткім маршрутам у Індыю і Кітай адпраўляўся гатунак ESPO.
Таксама «байкот» расейскім барэлям абвясціла грэцкая Avin International, флот якой налічвае 35 танкераў агульнай умяшчальнасцю 2,5 мільёна тон.
Абодва вознікі не жадаюць вазіць далёкаўсходнюю расейскую нафту, якая прадаецца даражэй за «граніцу цаны»: яна каштуе крыху больш за $60 за барэль, адрозна ад асноўнай экспартнай маркі Urals, цана якой апусцілася ніжэй за адзнаку $ 50.
У выніку нафтавікі пазбавіліся сама меней пяці танкераў, якія выкарыстоўваліся для транспартавання ESPO, кажуць крыніцы Bloomberg. З іхных слоў, расейскую нафту за цану вышэйшую за "граніцу" далей возяць невялікія прыватныя ўладальнікі танкераў. Але і для іх акно магчымасцей звужаецца.
Заходнія нафтавыя гіганты, у тым ліку брытанская Shell і амэрыканская Exxon Mobil, адмаўляюцца працаваць з танкернымі вознікамі, якія заўважаныя ў сувязях з расейскай нафтай. Абедзве кампаніі ўключылі новую ўмову ў кантракты на фрахт: суднаўладальнікі павінны гарантаваць, што гэтыя танкеры не перавозілі нафту з Расеі, альбо атрыманую ад асобы, звязанай з Расеяй.
Новая ўмова дзейнічае з 5 снежня, калі краіны ЕЗ увялі эмбарга на пастаўкі нафты з Расеі, якое з 5 лютага распаўсюдзіцца і на нафтапрадукты (у гэты ж дзень пачне дзейнічаць забарона на іх імпарт у ЕЗ).
У першы паўнавартасны тыдзень нафтавага эмбарга марскі экспарт нафты з Расеі абрынуўся на 56%, вынікае з падлікаў Bloomberg на падставе звестак міжнародных танкерных перавозак.
З 3,4 млн барэляў штодзень на першым тыдні снежня марскі нафтавы экспарт абрынуўся да 1,6 млн і стаў самым нізкім сама меней з пачатку года.
З партоў Балтыйскага мора, некалі галоўнага "акна ў свет" для расейскіх барэляў, на мінулым тыдні выйшлі толькі 7 танкераў, тады як тыднем раней гэта было 12 суднаў, а на апошнім тыдні лістапада - 15. Аб'ёмы экспарту нафты праз Балтыку ўпалі на 42% - з 1,25 млн да 730 тысяч барэляў штодня.
Фізічныя аб'ёмы экспарту з ціхаакіянскіх партоў ўпалі ў 2,7 разы - з 1,14 млн да 410 тысяч барэляў штодня. Экспарт нафты праз Чорнае мора (Наварасійск) упаў утрая - да 230 тысяч барэляў штодня, а з Мурманска - на траціну, таксама да 230 тысяч барэляў штодзень.