У расейскіх алігархаў знайшлі дэфолты ў крэдытах на яхты і бізнэс-джэты
3- 7.02.2022, 21:27
- 15,138
Credit Suisse зафіксаваў 4 дэфолты расейскіх кліентаў па прадметах раскошы.
Шэраг заможных расейцаў не змаглі расплаціцца па крэдытах, якія бралі на куплю раскошных яхт і бізнэс-джэтаў.
Як паведамляе Financial Times, такія звесткі прывёў швейцарскі банк Credit Suisse, які размясціў у канцы 2021 аблігацыі, у якія былі спакаваныя пазыкі алігархам і багатым бізнэсоўцам.
Па 12 крэдытах, выдадзеных на яхты і прыватныя самалёты, былі абвешчаныя дэфолты ў 2017-18 прызнаў Credit Suisse, які выдаў агулам 2 млрд даляраў ультразаможным кліентам.
Траціна дэфолтаў была «звязана з санкцыямі ЗША супраць расейскіх алігархаў», паведаміў банк. І хоць Credit Suisse не ўказаў імёнаў кліентаў, якія трапілі пад удар, у тыя ж гады стала вядома аб праблемах мільярдэраў Алега Дзерыпаскі, а таксама Аркадзя і Барыса Ратэнбергаў. Яны, як нагадвае FT, паводле паведамленняў СМІ, былі вымушаныя скасаваць дамовы з банкам аб лізінгу прыватных самалётаў.
Крэдытаваннем алігархаў і мільярдэраў Credit Suisse наважыў заняцца па-буйному ў 2014 годзе. З таго часу яго партфель пазык, выдадзеных на набыццё яхт, вырас амаль у 5 разоў і ўжо перавышае 1 млрд даляраў.
У канцы мінулага года банк цішком размясціў аблігацыі на 80 млн даляраў, каб «скінуць» з балансу частку рызыкі, звязанай з ультрабагатымі кліентамі.
Секьюрытызацыю партфеля крэдытаў, забяспечаных «бізнэс-джэтамі, яхтамі, нерухомасцю і/або фінансавымі актывамі» правяло падраздзяленне Credit Suisse, якое раней пацярпела праз праблемы, звязаныя з санкцыямі.
Адна з галоўных задач гэтага падраздзялення – «сфармаваць станоўчае стаўленне да брэнду CS, фінансуючы любімыя бізнэс-інструменты і раскошныя цацкі» кліентаў, цытуе FT прэзентацыю CS.