20 траўня 2024, панядзелак, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасада ЗША: Беларускі народ супраць расейскага ўварвання

4
Амбасада ЗША: Беларускі народ супраць расейскага ўварвання

Амбасада ЗША ў Менску апублікавала заяву да Дня незалежнасці Украіны.

Заяву з нагоды Дня незалежнасці Украіны апублікавала 24 жніўня на сваім сайце пасольства ЗША ў Беларусі.

У дыпламатычным прадстаўніцтве нагадалі, што 24 жніўня спаўняецца роўна шэсць месяцаў з пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

"Незалежная будучыня як Украіны, так і Беларусі знаходзіцца пад пагрозай праз экспансіянісцкую ды імперыялістычную палітыку Расеі", — паведамляецца ў заяве.

У амбасадзе адзначылі, што народ Беларусі, як і народ Украіны, імкнецца да будучыні, грунтаванай на захаванні суверэнітэту сваёй краіны, дэмакратычных прынцыпах і вяршэнстве закону.

«Але засяроджанасць рэжыму Лукашэнкі выключна на захаванні ўлады падважыла суверэнітэт Беларусі і паставіла беларускую тэрыторыю, паветраную прастору і інфраструктуру на службу вайсковым патрэбам Расеі. Суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны і яго падтрымка супярэчаць волі беларускага народа», - адзначылі ў амэрыканскім дыпламатычным прадстаўніцтве.

У заяве таксама паведамляецца, што санкцыі далей скарачаюць ваенныя магчымасці Пуціна. Тым часам украінскія вайскоўцы паспяхова абараняюць сваю краіну, а ўкраінскі народ - адзіны, як ніколі.

На думку прадстаўнікоў амбасады, Украіна прадэманстравала, што напады на незалежныя дзяржавы не застануцца без адказу як для Расеі, так і для рэжыму Лукашэнкі.

«Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года беларускі народ прадэманстраваў выключную трываласць у падтрымцы дэмакратычнага руху цаной вялікіх асабістых ахвяр. З 24 лютага 2022 года беларускія дэмакратычныя сілы ясна далі зразумець, што беларускі народ супраць уварвання Расеі ва Украіну, супраць падтрымкі рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне, супраць спроб абразіць суверэнітэт і незалежнасць абедзвюх краін. Беларускія ахвотнікі змагаюцца поплеч з украінскімі войскамі, абараняючы тэрыторыю Украіны. Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці збіраюць гуманітарную дапамогу і дастаўляюць яе ў падтрымку ўкраінскага народа, а беларусы робяць захады для недапушчэння перакідвання расейскіх баявых прыпасаў і вайсковай тэхнікі праз тэрыторыю Беларусі ва Украіну», — паведамляецца ў заяве.

У амбасадзе таксама адзначылі, што ЗША будуць далей дамагацца прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за парушэнне правоў чалавека, у тым ліку зняволенне больш за 1300 палітычных вязняў.

"Мы таксама будзем цвёрда стаяць на тым, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну", — гаворыцца ў заяве.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках