У дзіцячым садку ў Беластоку неўзабаве пачнецца набор у беларускамоўную групу
- 12.01.2023, 21:28
- 3,322
Запісацца ў садок можна ўжо ў лютым.
У Беластоку ў дзіцячым садку пачнецца набор у групы з беларускай мовай адукацыі. Запісацца ў садок можна ўжо ў лютым, паведаміў «Белсату» Зміцер Косцін, журналіст «Польскага Радыё» ў Беластоку.
«У Беластоку ёсць адзіная ў Польшчы навучальная ўстанова, дзе дзейнічаюць цалкам беларускамоўныя гурты. Гэта дзіцячы садок №14, там ёсць як польскія, так і беларускія групы навучання. Гэта цікавая з'ява, бо там могуць вучыцца дзеткі з любой краіны свету, і гэта цудоўная магчымасць для беларускіх дзяцей трапіць у асяроддзе, дзе іх будуць разумець выхавальнікі», – кажа Зміцер Косцін.
Журналіст, абапіраючыся на ўласны досвед, кажа, што такія сады цяжка знайсці нават у Беларусі.
«Дух гэтага сада з нашага досведу – ён беларускі, дзеці могуць вывучаць нашыя песні і вершы, з імі будуць размаўляць на нашай мове. Набор у садок пачнецца ў сярэдзіне лютага. Каб патрапіць туды, трэба прайсці электронную рэгістрацыю, падаць заяўку, і ўказаць, што мы хочам, каб дзіця вучыла беларускую мову. Гэта адзін з фактараў, які накіроўвае іх у дзіцячы садок №14. Больш за тое - у садок можна трапіць з любога раёна Беластока.
Адзіная перашкода - вялікая папулярнасць садка, у мінулым годзе не ўсе ахвотныя патрапілі туды. Але спрабаваць заўсёды можна. Вядома, 100% імавернасці няма, таму што ў Польшчы ёсць абавязак толькі аднаго года дашкольнай адукацыі, так званая нулёўка. Гэта гарадскі садок, і аплата там, як і ў іншых польскіх садках», - распавядае Косцін.
Адзначым, што больш за 20 гадоў у Беластоку дзейнічаюць беларускія групы ў дзіцячым садку №14. Але ў апошнія гады ахвочых стала значна больш, чым выдзеленых месцаў.