ВСУ звярнулі ва ўцёкі расійскіх дыверсантаў
- 21.01.2023, 21:59
- 8,448
Варожая ДРГ спрабавала прарвацца на Сумшчыну.
Расійская дыверсійна-разведвальная група спрабавала прарвацца на тэрыторыю Сумскай вобласці, але яны былі заўважаны байцамі Узброеных сіл Украіны.
Пра гэта паведаміў кіраўнік Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі Зміцер Жывіцкі ў сваім тэлеграм-канале.
«Расійская ДРГ зноў паспрабавала перасекчы мяжу на Сумшчыне. Учора, каля 5 гадзін раніцы, група з 6 чалавек спрабавала рухацца з тэрыторыі РФ у Юнакаўскую грамаду. Нашыя вайскоўцы адкрылі агонь, вораг уцёк», - гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час у адміністрацыі не паведамляюць, ці панёс вораг страты пры спробе прарвацца на тэрыторыю вобласці.
Варта адзначыць, што расейскія дыверсанты пасля ўцёкаў арміі РФ з поўначы час ад часу спрабуюць прарвацца на тэрыторыю Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцей для правядзення дыверсійнай дзейнасці, але ў большасці выпадкаў байцам Сіл абароны Украіны ўдаецца нейтралізаваць гэтыя варожыя групы.