26 красавiка 2024, Пятніца, 8:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Армата»: расейскі «супертанк» больш брэша, чым кусае

14
«Армата»: расейскі «супертанк» больш брэша, чым кусае

Як выглядае тупік расейскага ВПК.

Расейскія прапагандысты нервова адрэагавалі на пастаўкі Украіне краінамі Захаду танкаў «Леапард» і «Абрамс».

РасСМІ спрабуюць перабіць навіну, якая кардынальна зменіць сітуацыю на палях бою ва Украіне, аповедамі аб «супертанку» «Армата».

Сайт Charter97.org паглядзеў, што вядома пра расейскага «вундэрвафа» і як яго ацэньваюць заходнія экспэрты.

Катаюцца па палігонах выключна ў ролі прапагандысцкіх машын

Цягам адзінаццаці гадоў распрацоўкі праграма суправаджалася затрымкамі, скарачэннем запланаванага памеру парка і паведамленнямі аб вытворчых праблемах.

Найноўшы танк Т-14 «Армата» зняславіўся пры першым жа з'яўленні на публіцы падчас рэпетыцыі парада Перамогі на Краснай плошчы ў 2015 годзе. Танк заглух і прастаяў цягам усяго парада.

Брытанская выведка паведамляе, што невялікая колькасць танкаў «Армата» нядаўна паступіла ў войскі РФ, але там іх прынялі «без энтузіязму», бо машыны знаходзяцца «ў дрэнным стане».

«Малаімаверна, што якія-небудзь разгорнутыя танкі Т-14 будуць адпавядаць звычайным стандартам для таго, каб новая тэхніка ўважалася за баяздольную», – адзначаецца ў паведамленні Мінабароны Брытаніі.

«Армата» як праект змагла з'явіцца на свет дзякуючы таму, што некалі Расея магла атрымліваць сучасныя заходнія тэхналогіі. Са слоў вайсковага экспэрта Алега Каткова, да 2020 года Расея абяцала выпрацаваць блізу 1500 адзінак. Такія планы ў агрэсара былі, калі той падтрымліваў добрыя стасункі з Еўропай. У танку «Армата» выкарыстоўвалася значная частка французскіх складнікаў. Пасля 2014 года і ўвядзення санкцый такія распрацоўкі спыніліся.

«Менавіта таму яны глухнуць і катаюцца па палігонах выключна ў ролі прапагандысцкіх машын. Усё едуць-едуць, а ва Украіну ніяк не даедуць, можа, проста па дарозе глухнуць», - заўважыў экспэрт.

Адсутнасць якасных кампанентаў агаліла шэраг праблем расейскага танка. Вайсковыя аналітыкі зважаюць на праблемы з сілавой устаноўкай, трансмісіяй і прыцэльным комплексам Т-14.

Шэраг экспэртаў таксама ставіць пад сумнеў эфектыўнасць і жыццяздольнасць бязлюднай вежы, якая кіруецца толькі з дапамогай электронна-аптычных сродкаў. Пры выхадзе са строю сістэмы электразабеспячэння або яе элементаў (напрыклад, ад ударнага ўздзеяння - набою, выбухной хвалі, пры падрыве), танк становіцца цалкам небаяздольным. Таксама спецыялісты адзначаюць, што размяшчэнне боекамплекта ў каруселі можа прывесці да ўзнікнення вельмі небяспечнай сітуацыі, калі пры траплянні ў танк узарвуцца боепрыпасы.

Сабраны Рагозіным з Лега

Тэхналагічнасць расейскага войска і канкрэтна танкаў «Армата», займае асаблівае месца ў ацэнках спецыялістаў. Так палкоўнік запасу Узброеных сіл Украіны Алег Жданаў мяркуе, што расейскае войска ў большасці выявілася бутафорскім.

«Акрамя параднага разліку, які бачылі на Краснай плошчы, больш нічога сур'ёзнага, канструктыўнага, новага або высокатэхналагічнага няма», – заявіў Жданаў.

«У сутыкненні з танкамі Leopard 2 расейскія, уключаючы іх расхвалены Т-14 «Армата», не маюць шанцаў», - падкрэсліў польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак.

Італійскі вайсковы аналітык, экспэрт у наземных сілах, артылерыйскіх сістэмах NATO Томас Тайнер адзначыў моц танкавай гарматы «Леапардаў», здольнай разнесці ўзмоцненую браню самых сучасных расейскіх танкаў «Армата».

«Вось найлепшы ў свеце танк «Армата». Па мне, дык ён быў сабраны Рагозіным з Лега», - мяркуе расейскі грамадскі і палітычны дзеяч Леанід Гозман.

Незадаволены «Арматай» нават былы верхавод расейскіх баевікоў на Данбасе Ігар Гіркін (Стралкоў), які эмацыйна адрэагаваў на пастаўкі танкаў «Абрамс» для Украіны.

Вайсковы злачынец заўважыў, што гэтыя танкі хаця б існуюць, у адрозненне ад расейскага. «Па адной простай прычыне: танкаў «Армата» ў прыродзе не існуе. Яны так і засталіся творам фальклору Міністэрства абароны, нягледзячы на дзесяць гадоў і вялізныя грошы, выдаткаваныя на іх распрацоўку», — заявіў Гіркін.

Сімвал карупцыі

На сёння слова «Армата» стала намінальным. Гэта сапраўдны сімвал карупцыі ў расейскім Мінабароны, які ўзначальвае Сяргей Шайгу.

Да 2020 года ў войскі РФ павінны былі паступіць дывізіёны танкаў «Армата», але ў 2022 годзе ва Украіну расейскае войска ўвайшло на старой тэхніцы і з папяровымі мапамі.

Пасля серыі паражэнняў і правядзення масавай мабілізацыі, ненавучаным салдатам сталі выдаваць тэхніку часоў Другой сусветнай вайны. Таксама Крамлю давялося прасіць узбраенне ў Ірана і Паўночнай Карэі, а форму расейскім вайскоўцам сталі шыць у беларускіх турмах.

Як адзначылі ў Мінабароны Брытаніі, калі Расея і накіруе ва Украіну «Арматы», то гэта будзе зроблена найперш у прапагандысцкіх мэтах. А пакуль расейцам давядзецца здавольвацца старымі T-72.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках