20 траўня 2024, панядзелак, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патаннелы газ дазволіць Еўропе ўнікнуць рэцэсіі

2
Патаннелы газ дазволіць Еўропе ўнікнуць рэцэсіі

Са жнівеньскага піку кошт упаў амаль у сем разоў.

Падзенне кошту газу амаль у сем разоў са жнівеньскага піку, запаволенне інфляцыі, фінансавая дапамога ўрадаў і спажывецкія выдаткі, якія захоўваюцца дзякуючы гэтаму на даволі высокім узроўні, забяспечаць еўрапейскім краінам больш высокія тэмпы эканамічнага росту, чым меркавалася яшчэ нядаўна. У выніку Еўразвяз (у які ўваходзяць 27 краінаў) і еўразона (20 краінаў) унікнуць скарачэння ВУП цягам двух кварталаў запар, што ўважаецца за тэхнічную рэцэсію.

Яшчэ ў лістападзе Еўракамісія меркавала, што яна магчымая, а паводле вынікаў усяго 2023 г. чакала росту ўсяго на 0,3%. Сёння ЕК апублікавала абноўлены прагноз, павысіўшы яго да 0,9% для еўразоны і да 0,8% – для ўсяго Еўразвязу. Летась рост у абодвух выпадках склаў 3,5%.

У ЕЗ эканамічны спад чакаецца толькі ў адной краіне – Швэцыі (у асноўным праз падзенне на рынку жылля). Але і там сітуацыя паляпшаецца: сёння ўлады Швэцыі знізілі рызыку адключэнняў электрычнасці з «рэальнай» да «нізкай». Гэта стала яшчэ адным сведчаннем таго, што энэргетычны крызіс, які ахапіў летась Еўропу, паступова праходзіць – прынамсі гэтая зіма заканчваецца без узрушэнняў.

Еўракамісія піша ў справаздачы:

«Амаль праз год пасля таго, як Расея пачала захопніцкую вайну супраць Украіны, эканоміка ЕЗ знаходзіцца ў лепшым становішчы, чым чакалася яшчэ ўвосень. Пік інфляцыі, здаецца, пройдзены, і спрыяльнае развіццё падзей на рынках энэргарэсурсаў паказвае на яе далейшае моцнае запаволенне.

Рост спажывецкіх коштаў у ЕЗ, паводле новага прагнозу Еўракамісіі, складзе сёлета 6,4% супраць 9,2% у 2022 г., а ў еўразоне – 5,6% супраць 8,4%».

Еўрапейскія сховішчы цяпер запоўненыя на 66,5%, паводле звестак Gas Infrastructure Europe, гэта значна вышэй за паказнікі апошніх 10 гадоў. Дапамагло і незвычайна цёплае надвор'е: 2023 год стаў для студзеня трэцім самым гарачым у гісторыі назіранняў, паводле звестак Службы змены клімату праграмы «Капернік». У выніку да канца ацяпляльнага сезону (заканчваецца ў сакавіку) у сховішчах будзе блізу 59% газу – удвая больш, чым год таму, чакае Morgan Stanley. Ён знізіў прагноз кошту на III квартал, калі ідзе найбольш актыўнае запампоўванне газу ў сховішчы, да 48 еўраў / МВт г ($ 539 за 1000 кубаметраў); месяц таму банк чакаў 64 еўры.

Да канца гэтага года Італія можа поўнасцю перастаць набываць расейскі газ, сказаў газеце Il Messaggero міністр прамысловасці краіны Адольфа Урса. А з наступнага года, паводле ягоных словаў, Італія пачне пастаўляць паліва іншым краінам Еўропы і стане газавым хабам, у тым ліку дзякуючы павелічэнню ўдвая паставак з Азербайджана па Трансадрыятычным газаправодзе.

Сітуацыя на энэргетычным рынку Еўропы палепшылася ў тым ліку таму, што апошнім часам аднавілі працу некалькі рэактараў у Францыі. Летась праблемы ў ядзернай энэргетыцы краіны, выкліканыя неабходнасцю праводзіць пазапланавы рамонт многіх рэактараў, наклаліся на газавы крызіс.

Акрамя таго, 12 лютага пачаў першыя адгрузкі газу са сваіх сховішчаў Freeport LNG, адзін з найбуйнейшых у ЗША экспартных ЗПГ-тэрміналаў, які быў зачынены з чэрвеня праз пажар. Інфармаваныя крыніцы паведамілі S&P Global, што неўзабаве тэрмінал адновіць працы ў звадкаванні газу. «Чаканае аднаўленне паставак з Freeport прадаўжае ўзмацняць "мядзведжыя" настроі на рынку ЗПГ і штурхаць уніз кошты сусветнага газавага рынку», – паказваюць аналітыкі S&P.

Газ у Еўропе (ф'ючэрс Dutch TTF) з канца студзеня гандлюецца ніжэй за 60 еўраў / МВт г, у панядзелак кошт апускаўся да 51,45 еўра ($ 578 за 1000 кубаметраў).

Зрэшты, еўракамісар у эканоміцы Паола Джэнтылоні папярэдзіў: «Лепш, чым чакалася, не азначае добра». Еўропу ўсё яшчэ чакае складаны перыяд, паколькі тэмпы росту эканомікі ўпалі ў параўнанні з 2022 г., а інфляцыя запавольваецца недастаткова хутка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках