Навукоўцы: Арганізм можа самастойна вяртаць назад біялагічны ўзрост
6- 12,272
Галоўнае - аднавіцца ад стрэсу.
Навукоўцы з Гарвардскай медыцынскай школы высветлілі, што біялагічнае старэнне праз стрэс можа быць абарачальнае. Даследаванне апублікаванае ў часопісе Cell Metabolism.
Навукоўцы выявілі, што біялагічнае старэнне паскаралася пасля стрэсавых падзей: сур'ёзных аперацый, цяжарнасці, інфекцый. Аднак пасля аднаўлення ад стрэсу маркеры біялагічнага ўзросту вярталіся да зыходнага стану.
«Мабыць, найбольш яскрава гэта прадэманстраваў наш аналіз змяненняў біялагічнага ўзросту ў адказ на сур'ёзную аперацыю», - адзначылі навукоўцы.
Узоры крыві паджылых пацыентаў з траўмамі, якія перанеслі экстраную аперацыю, паказалі ўсплёскі маркераў біялагічнага ўзросту, якія вярталіся да зыходнага ўзроўню праз тыдзень пасля аперацыі. Аднак у пацыентаў, якія абралі планавую аперацыю, не было прыкмет паскоранага старэння.
Аўтары працы разглядалі эпігенетычныя змены ДНК - адмысловыя пазнакі ў ДНК, які могуць актываваць ці заблакаваць працу генаў. На гэты працэс уплываюць фактары навакольнага асяроддзя і лад жыцця, таму ступень эпігенетычных змен можна выкарыстоўваць у якасці «біялагічнага гадзінніка». Таксама навукоўцы могуць ацаніць біялагічны ўзрост, вымераўшы даўжыню целамер - ахоўныя «каўпачкі» на канцах храмасом, якія становяцца карацейшымі пры кожным дзяленні клеткі.
Мінулыя даследаванні даўгалецця звычайна вывучалі спосабы падаўжэння целамераў для павелічэння працягласці жыцця жывёл. Новае даследаванне не толькі сведчыць пра тое, што арганізм здольны вяртаць назад біялагічныя працэсы старэння, але і можа прыцягнуць увагу да лекаў, накіраваных на эпігенетычныя змены, а не на целамеры.