Расія згортае праект грамадзянскага самалёта «Ладага» для замены састарэлых «Ан-24»
- 21.05.2026, 19:16
Грошай няма.
Першы з лінейкі самалётаў, які расійскія ўлады планавалі пабудаваць у межах праграмы адраджэння авіяпрама, выключаны з планаў для грамадзянскай авіяцыі, перадае The Moscow Times.
Праект турбавінтавага рэгіянальнага лайнера ТВРС-44 «Ладага», які распрацоўвалі на замену пабудаваным у савецкія часы Ан-24 і Ан-26, у грамадзянскай версіі «прыпынены», паведаміў у чацвер галоўны канструктар Уральскага завода грамадзянскай авіяцыі (УЗГА) Сергей Меренков.
Па яго словах, самалёт, першапачаткова разлічаны на 44 пасажыры, вырашылі перарабіць пад ваенныя патрэбы. «Самалёт і ўвесь навукова-тэхнічны задзел вырашана перадаць у вядзенне Міністэрства абароны для стварэння на базе самалёта ТВРС-44 альбо рампавай грузавой версіі, альбо грузавой версіі з бакавой дзвяр’ю, альбо пасажырскай, але ў інтарэсах Мінабароны», — сказаў Меренков (яго цытуе «Інтэрфакс»).
Поўнасцю праект не прыпынены, але прапрацоўваецца магчымасць «змянення аблічча ў грузавую версію», паведамілі ТАСС ва УЗГА. Рашэнне прынята з улікам высокай ступені гатоўнасці рэгіянальнага самалёта Іл-114-300 і абмежаванага аб’ёму рынку такіх машын, удакладніў прадстаўнік завода.
У межах амбіцыйнай праграмы развіцця авіяпрама, якую ўрад зацвердзіў тры гады таму, ужо летась авіякампаніі павінны былі атрымаць 25 самалётаў «Ладага». Яны адчайна патрэбныя перавозчыкам, што лятаюць на турбавінтавых самалётах «Ан», узрост якіх дасягае 50-60 гадоў. 15 самалётаў прызначаліся для далёкаўсходняй «Аўроры», яшчэ 20 — для «Красавиа». Паводле плана да 2030 года авіязаводы павінны былі выпусціць 140 самалётаў «Ладага», а таксама больш за 900 грамадзянскіх самалётаў іншых тыпаў.
Па факце за тры гады перавозчыкі атрымалі 12 «суперджэтаў» і адзін Ту-214. Пры гэтым апошні не выкарыстоўваецца для пасажырскіх перавозак: на ім лятае віцэ-прэм’ер РФ Денис Мантуров, расказаў Reuters крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
У 2026 годзе авіякампаніі зноў не ўбачаць ніводнага вырабленага ў Расіі самалёта, паведаміў на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у маі кіраўнік «Ростэха» Сергей Чемезов.
Серыйная вытворчасць лайнера МС-21, які распрацоўваецца з сярэдзіны 2000-х і паводле першапачатковых планаў павінен быў паляцець яшчэ 10 гадоў таму, пачнецца ў 2027 годзе; на 2027 год перанесены серыйны выпуск імпартазамяшчальных «суперджэтаў», а таксама турбавінтавых «Іл-114-300», паведаміў Чемезов.