Столтэнберг: Задача NATO – забяспечыць, каб Украіна перамагла
4- 15.05.2023, 21:44
- 2,886
Украіна мае права выбіраць свой уласны шлях.
Падчас ліпеньскага саміту NATO ў Вільні (Літва) краіны – чальцы блока дамовяцца павялічыць выдаткі на абарону. Пра гэта 15 траўня заявіў генеральны сакратар Альянсу Енс Столтэнберг падчас уключэння на Капенгагенскім саміце дэмакратыі. Ягоны выступ апублікаваў Sky News.
Ён адзначыў, што мэта выдаткоўваць не менш як 2% ВУП на абарону – гэта "тое, што павінна быць дасягнута як мага хутчэй, неадкладна, не чакаючы занадта доўга".
Ён пацвердзіў, што дзверы NATO застаюцца адчыненымі і заявіў, што падчас віленскага саміту краіны ўзгодняць шматгадовую праграму для Украіны "каб дапамагчы Украіне адысці ад савецкіх стандартаў, дактрынаў, абсталявання і стаць цалкам сумяшчальнымі з NATO".
На думку Столтэнберга, гэта наблізіць уступленне Украіны ў NATO.
"Што тычыцца ўдзелу, я чакаю, што хаўруснікі ў NATO скажуць, што Украіна стане чальцом Альянсу... Усе хаўруснікі згодныя з тым, што Украіна мае права выбіраць свой уласны шлях", – сказаў ён.
Генеральны сакратар Альянсу таксама заявіў, што задача NATO цяпер падтрымліваць Украіну столькі, колькі неабходна.
"Самая неадкладная задача NATO – забяспечыць перамогу Украіны ў вайне з Расеяй... Мы не ведаем, чым скончыцца гэтая вайна, але мы ведаем, што, калі яна скончыцца, вельмі важна, каб мы змаглі прадухіліць паўтарэнне гісторыі", – сказаў Столтэнберг.