У Калумбіі чацвёра дзяцей правялі пасля авіякатастрофы 16 дзён у джунглях
5- 18.05.2023, 20:49
- 12,344
Аднаму з іх было 11 месяцаў.
У джунглях Калумбіі знайшлі жывымі чатырох дзяцей, якія знаходзіліся на борце самалёта Cessna 206, які пацярпеў крушэнне 1 траўня. Іх цягам 16 дзён шукалі мясцовыя вайскоўцы.
«Мы знайшлі жывымі чатырох дзяцей, якія зніклі без вестак у выніку авіякатастрофы ў Гуаўяры. Радасць для краіны», – адзначыў прэзідэнт Калумбіі Густава Пятро ў сваім твітары. Пра гэта піша выданне El Tiempo.
Самалёт Cessna 206 падаў аварыйны сігнал 1 траўня. Праз 370 гадзінаў пошукаў было знойдзенае месца авіякатастрофы. На борце знаходзілася цела пілота, пазней атрымалася апазнаць яшчэ два целы – другога пілота і маці дзяцей.
У той самы час чатырох дзяцей жанчыны ва ўзросце 13, 9, 4 гадоў і 11 месяцаў нідзе не было. Гэта давала надзею, што дзеці жывыя, і яна апраўдалася. На гэты момант дзеці ў бяспецы. Тое, што яны не загінулі ў джунглях, дзе вышыня дрэваў дасягае 40 метраў і водзяцца небяспечныя жывёлы – сапраўдны цуд.