Стала вядома, чаму мужчына залез на вышку пад Баранавічамі
7- 22.05.2023, 21:42
- 11,010
Усяму віной – драма ў асабістым жыцці.
Учора, 21 траўня, ратавальнікам давялося здымаць мужчыну з вышкі недалёка ад Баранавічаў. Газета «Наш край» даведалася падрабязнасці – высветлілася, усё праз жонку.
Паведамленне, што на вышку забраўся мужчына, першапачаткова паступіла ў Баранавіцкі РАУС. Мінакі ўбачылі, як нехта караскаецца наверх, і патэлефанавалі ў міліцыю, адкуль інфармацыю перадалі ратавальнікам і медыкам.
Калі ўсе службы прыбылі, мужчына пачаў пагражаць, што саскочыць уніз, калі хуткая дапамога і міліцыя не з'едуць. Застацца дазволіў толькі супрацоўнікам МНС. Ратавальнікі знялі яго з вышкі, мужчына не пацярпеў, яго перадалі для агляду медыкам.
Як высветлілася, напярэдадні тры дні дома не з'яўлялася жонка мужчыны. Калі ўсё ж вярнулася, то паведаміла, што не кахае яго болей і хоча кінуць. Знерваваны муж напіўся і пастанавіў, што без жонкі не хоча жыць.
Нагадаем, 43-гадовы мужчына ў момант выратавання быў на вышыні блізу 20 метраў.