Расейцам ладна «ўляцела»: Генштаб УСУ паведаміў пра ўдары па тэхніцы і жывой сіле
3- 6.05.2023, 20:37
- 6,422
Украінскія ваяры, сярод іншага, ударылі па зенітна-ракетным комплексе ворагаў.
Сілы абароны Украіны за гэты дзень нанеслі новыя зруйнавальныя ўдары па пазіцыях расейскіх захопнікаў і знішчылі 6 беспілотнікаў, з якіх 4 – дроны тыпу Shahed-136/131.
Пра гэта гаворыцца ў Аператыўнай інфармацыі Генеральнага штаба Узброеных сілаў Украіны, апублікаванай у суботу, 6 траўня.
– Авіяцыя Сілаў абароны за дзень нанесла 5 удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу і ваеннай тэхнікі ворага, а таксама ўдар па варожым зенітна-ракетным комплексе, – сказана ў зводцы.
Пры гэтым цягам дня ўкраінскімі абаронцамі былі знішчаныя 4 ударныя беспілотныя лётныя апараты Shahed-136/131 і 2 выведныя дроны.
Акрамя таго, украінскія падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі цягам дня падбілі пункт кіравання, 3 раёны засяроджвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі ворага, а таксама артылерыйскае падраздзяленне на агнявой пазіцыі.
Асобна сказана, што цягам дня расейскія акупанты нанеслі 6 ракетных удараў, у тым ліку па гарадах Часіў Яр, Канстанцінаўка і Херсон. Яшчэ расейскае войска нанесла 25 авіяцыйных удараў і ажыццявіла больш за 20 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Разбураныя і пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура.