У Парыжы заключылі найбуйнейшую ўгоду ў гісторыі камерцыйнай авіяцыі
7- 19.06.2023, 21:27
- 14,584
На 500 пасажырскіх самалётаў.
Індыйская авіякампанія IndiGo набудзе 500 пасажырскіх самалётаў у еўрапейскага авіябудаўніка Airbus – гэта найбуйнейшая ўгода аб набыцці ў гісторыі камерцыйнай авіяцыі.
Пра гэта паведаміла агенцтва АP.
Кіраўнікі IndiGo і Airbus абвясцілі пра пагадненне ў дзень адкрыцця Парыжскага авіясалону, найбуйнейшага ў свеце мерапрыемства, прысвечанага авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці.
Яны не выдаюць кошт угоды, але, верагодна, яна можа дасягнуць дзясятка мільярдаў даляраў.
«Ніхто ніколі не рабіў замову такога маштабу. І гэта кажа пра патэнцыял індыйскай авіяцыі і амбіцыі, якія мае IndiGo», – заявіў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар IndiGo Пітэр Элберс.
Гэтая ўгода падкрэслівае, як дзве кампаніі «дэмакратызуюць даступныя авіяперавозкі для мільёнаў людзей», сказаў у сваёй заяве камерцыйны дырэктар Airbus Крысціян Шэрэр.
Заказ IndiGo, размешчанай у Нью-Дэлі, пераўзыходзіць іншую гіганцкую ўгоду, падпісаную некалькі месяцаў таму, паміж Air India на 470 самалётаў ад Airbus і ад яе амерыканскага канкурэнта Boeing.
Індыйскія авіякампаніі спрабуюць задаволіць рост попыту на авіяпералёты з боку спажыўцоў сярэдняга класу.