У Польшчы забаранілі працу на дзяржслужбе экс-супрацоўнікам савецкіх сілавых структураў
20- 19.06.2023, 21:40
- 12,082
Працу могуць страціць да 40 тысячаў дзяржслужбоўцаў.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўку да закону, якая забараняе працаўладкаванне функцыянераў і супрацоўнікаў органаў бяспекі Савецкай Польскай Народнай Рэспублікі на дзяржаўнай службе і ў дзяржаўных установах.
Пра гэта паведамляе TVN.
Польскі Сейм прыняў папраўкі да закону аб дзяржаўнай службе і некаторых іншых актаў, падрыхтаваныя ўрадам на просьбу Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, у красавіку, пераадолеўшы вета Сейму ў траўні.
Канцылярыя прэзідэнта Польшчы ў панядзелак паведаміла, што Дуда падпісаў закон 14 чэрвеня.
Папраўка ўводзіць забарону на прыняцце на дзяржаўную службу і працу ў дзяржаўных установах людзей, якія ў перыяд з 22 ліпеня 1944 года да 31 ліпеня 1990 года працавалі ў органах дзяржаўнай бяспекі або былі супрацоўнікамі гэтых органаў.
Тыя экс-працаўнікі савецкіх сілавых структураў, якія да гэтага часу знаходзяцца на дзяржслужбе або зманілі пры працаўладкаванні, будуць аўтаматычна звольненыя.
Таксама будуць звольненыя дзяржслужбоўцы, народжаныя да 1 жніўня 1972 года, якія не пададуць дэкларацыю аб папярэдніх месцах працы цягам 30 дзён з моманту пачатку дзеяння папраўкі.
Як піша TVN, усяго працу могуць страціць да 40 тысячаў дзяржслужбоўцаў у Польшчы.