20 траўня 2024, панядзелак, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі садоўнік вырошчвае на лецішчы ананасы, інжыр і 30 кг бананаў за год

12
Беларускі садоўнік вырошчвае на лецішчы ананасы, інжыр і 30 кг бананаў за год

А яшчэ каву ды інжыр.

У эфіры тэлеканала СТВ паказалі ўнікальную цяпліцу пад Жлобінам, дзе круглы год збіраюць трапічны ўраджай. У садоўніка Віталя Верамейчыкава растуць вялікія ананасы, 30 кг бананаў штогод і папая. І гэта далёка не ўсё. Пра вынікі сваіх аграэксперыментаў мужчына расказвае ў відэаблогу, піша «КП».

Электраманцёр Віталь Верамейчыкаў шэсць гадоў таму захапіўся вырошчваннем экзатычных раслінаў. Першыя экзэмпляры ён выгадаваў на прываконні, а потым збудаваў на лецішчы цяпліцу-аранжарэю. Улетку ў ёй блізу 30 градусаў, узімку пры дапамозе катла падтрымліваецца тэмпература да +15.

Усяго жлобінскі садоўнік выгадаваў ужо некалькі дзясяткаў раслінаў і з некаторых ужо некалькі разоў здымаў ураджай. Гэта кава, персікі, апельсін, кафрскі лайм, мандарын Сатсума Міагава, авакада, пітахая, мурая, кумкват, цытрына Пандэроза (гібрыд цытрыны, цытрона і грэйпфрута). А пачыналася ўсё з ананаса.

– За некалькі разоў укаранілася. З першага разу не атрымалася. Недзе разу з трэцяга ўкаранілася паспяхова. Выгадаваў на акенцы, – расказвае пра папулярны экзот Верамейчыкаў. Ананас, дарэчы, зацвітае на трэці год, а ўжо тады трэба адлічыць тры месяцы на паспяванне плоду. Адзін з іх важыў 1 кг 391 г.

– Ён большы, чым усе, якія мы вырошчвалі. Ананас спелы. Колер. Разрэзаў – пах пайшоў вельмі смачны. У краме такі не набудзеш, – расказаў Віталь і дадаў: – Калі вы падарожнічаеце недзе, то можаце пакаштаваць спелы плод, а ў асноўным у нас тэхнічнай спеласці, плады ўсе зялёныя, кіслыя.

Дарэчы, герой сюжэту не спяшаецца зрабіць бізнэс са свайго хобі, кажучы, што ў цяпліцы хутчэй атрымлівае візуальную асалоду.

– Ну колькі тут? Раз, два, тры, ну дзясятак будзе гэтых плодзікаў. Як прыемны бонус.

А вось бананы і праўда прыносяць вялікі ўраджай. Спелая звязка за сезон заважыць пад 30 кіло – гэта блізу 300 пладоў. А ў мінулым сезоне тры плады папаі заважылі 1,5 кг. Нарэшце, у суседняй цяпліцы расце і вінаград, і кіеўскі буйнаплоднай інжыр, шэсць кустоў якога ў сезон даюць да 20 пладоў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках