28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі дыпламат: У Беларусі могуць адбыцца падзеі, якія выклічуць катаклізмы ў Расеі

16
Украінскі дыпламат: У Беларусі могуць адбыцца падзеі, якія выклічуць катаклізмы ў Расеі
АЛЯКСАНДР ХАРА

Джын ужо выпушчаны з бутэлькі.

У Гаазе ўчора, 3 ліпеня, пачаў працу офіс для расследавання расейскай агрэсіі ва Украіне.

Сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, экспертам фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандрам Харам, ці дойдзе справа да стварэння паўнавартаснага трыбунала:

- Узровень расейскай агрэсіі і генацыд ва Украіне не можа застацца без адказу. У гэтай праблеме асабіста для мяне важныя некалькі аспектаў. Па-першае, да канца Другой сусветнай вайны не было ні элементаў міжнароднага права, ні інстытутаў, якія б асудзілі злачынцаў, найперш вышэйшае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва. Але была створаная і прававая аснова, і Нюрнбергскі трыбунал. Пасля 1945-га года свет неяк жыў, а наступным момантам былі тыя злачынствы, якія ўчынілі Слабадан Мілошавіч (былы прэзідэнт Югаславіі - заўв.) і іншыя таварышы.

Адпаведна, міжнароднае гуманітарнае права ўзбагацілася іншымі інструментамі, якія каралі б злачынцаў такога маштабу. Цяпер, у 2023 годзе, недастаткова ні механізмаў, ні прававой асновы для таго, каб судзіць тых людзей, якія абараняюцца імунітэтам (прэзідэнты, прэм'еры і гэтак далей). Хаця яны з'яўляюцца архітэктарамі ваеннай агрэсіі, якая ўважаецца за злачынства не толькі з пункту гледжання міжнароднага заканадаўства, але і расейскага.

Дарэчы, у расейскім, беларускім і ўкраінскім крымінальным заканадаўстве ёсць пункты аб адказнасці за падрыхтоўку, развязванне, вядзенне агрэсіўнай вайны.

Таму для Украіны і ўсяго свету будзе вельмі добра, што будуць ліквідаваныя прававыя прабелы ў інстытуцыйнай магчымасці судзіць такіх людзей, як Пуцін, Лаўроў і іншыя падонкі. Мы, украінцы, хочам, каб быў спецыяльны трыбунал і прабелы, якія ёсць у міжнародным праве, былі запоўненыя. Тады наступны патэнцыйны агрэсар будзе разумець, што панясе адказнасць, ці ёсць у яго ядзерная зброя ці не, знаходзіцца ён на пасадзе ці ўжо на пенсіі. Гэта важна.

Ёсць яшчэ адзін важкі аспект для ўсіх нас, у тым ліку расейцаў і беларусаў. Пасля распаду «саўка» не было юрыдычнага працэсу ў дачыненні да злачынстваў бальшавізму: гэта і рэпрэсіі, і галадамор. Тады рэжым не быў асуджаны, гэтая беспакаранасць падштурхоўвае расейцаў да таго, каб чыніць новыя злачынствы.

Павінна быць пастаўленая гістарычная кропка ў беззаконні, якое пачалося з прыходам бальшавікоў. Таму суд важны. Іншая справа, што нашыя партнёры выдатна разумеюць, наколькі гэта складана зрабіць.

- Калі з'явіўся ордэр на арышт Пуціна, многія эксперты заяўлялі, што прыцягнуць кіраўніка Крамля да адказнасці практычна немагчыма. Мяцеж Прыгожына мяняе сітуацыю?

- Гэта надзвычай важная падзея, якая не звязаная з тым, каб Пуцін апынуўся на лаве падсудных, а з тым, каб ён страціў сваю ўладу. Адно з наступстваў гэтай падзеі - разбурэнне культу асобы Пуціна. Паколькі ён прыйшоў да ўлады і будаваў яе на аснове скапіяванага ў Сталіна культу асобы. Ён маляваў сябе як чалавека прагматычнага, жорсткага, які развязвае ўсе пытанні.

Цяпер жа мы ўбачылі чалавека, які быў разгублены. У першыя дні «маршу справядлівасці», хутчэй за ўсё, Пуцін сядзеў недзе глыбока ў сваім бункеры. Ён не праявіў той мужнасці, якую свет убачыў у асобе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Калі Зяленскі сказаў, што «патрэбныя боепрыпасы, а не таксоўкі», то Пуцін адразу абраў таксі, а не боепрыпасы. Падкрэслю, імідж мачо, які кантралюе ўсё, які «мочыць усіх у сарціры», быў паламаны, для расейцаў у тым ліку.

Яшчэ адзін важны момант у тым, што расейская дзяржава, грамадства і лідар з'яўляюцца несапраўднымі.

- Растлумачце, чаму вы так мяркуеце.

- Сваімі дзеяннямі Прыгожын выяўляў не толькі сваю асабістую незадаволенасць і змагаўся за ўладу, але па вялікім рахунку яго падтрымалі і тыя, хто мяркуе, што Пуцін недастаткова шмат забівае ўкраінцаў. Груба кажучы, выбар складаўся ў тым, якім чынам забіваць украінцаў.

Успомніце, як прымалі яго ў Растове-на-Доне. Прыгожын - прадстаўнік наймітаў, забойцаў, гвалтаўнікоў, якія выконваюць чорную працу і не з'яўляюцца фармальна часткай расейскай дзяржавы. Хаця з'яўляюцца інструментам Пуціна.

Іх уважалі за герояў. Гэта вельмі шмат кажа пра расейскае грамадства, якое падтрымлівае забойцаў і гвалтаўнікоў, якія паўсталі супраць, вядома, выродлівага пуцінскага рэжыму.

Плюс мяцеж паказаў, што мілітарызаваная Расея не здольная ні супрацьстаяць групам расейскіх добраахвотнікаў, ні Прыгожыну. Дзе ўсё гэтае хвалёнае войска, спецслужбы і гэтак далей? Я ўжо не кажу аб тым, як у спешным парадку спрабавалі арганізаваць абарону Масквы.

Гэта ўсё - палітычныя сігналы ў свет. Уявіце сабе, як Сі Цзіньпін, Кім Чэн Ын і іранскія лідары глядзяць, як іх «круты» калега, які ваюе з NATO і Амерыкай, выявіўся няздольным да такога развіцця падзей. Цяпер яны цураюцца і паказваюць, што «ўсё было нармальна», але джын ужо выпушчаны з бутэлькі. Усе гэтыя рэчы паказваюць крохкасць рэжыму Пуціна. Вонкава ён выглядае маналітным, але насамрэч трухлявы ўнутры.

У мяне ёсць надзея, што з паспяховымі дзеяннямі Сіл абароны Украіны пачнецца абвал расейскіх акупацыйных сіл. Яны будуць няздольныя далей весці вайну, што выкліча ланцуговую рэакцыю ў самой Расеі, запусціўшы дэзінтэграцыйныя працэсы. Пуцін паказаў, што гэта не толькі магчыма, а насамрэч сцэнар ужо непазбежны.

- Гэта ж адаб'ецца і на Беларусі.

- Вядома. Усё можа пачацца ў Беларусі. Мы, вядома, не павінны верыць падонкам Прыгожыну і Лукашэнку. Але ўявіце сабе, што вось бярэ Прыгожын і заводзіць, нават без цяжкай тэхнікі, у Беларусь, 3-5 тысяч гэтай бясслаўнай поскудзі. Мы ўжо з пачатку ўварвання чыталі аб тым, што ёсць напружанне паміж грамадзянамі Беларусі і расейскімі вайскоўцамі на тэрыторыі краіны.

Можна ўявіць, як будуць паводзіць сябе там «вагнераўцы». Гэта можа выклікаць вельмі негатыўную рэакцыю. Лукашэнка, вядома, баіцца цяпер беларусаў, якія ваююць на баку Украіны і могуць прыняць пастанову аб вызваленні радзімы.

Тым не менш, сам факт прысутнасці ў Беларусі гэтых прыгожынскіх галаварэзаў адназначна можа згуляць злы жарт і з Лукашэнкам, а затым і з Расеяй. Беларусь можа стацца незаўважным месцам, дзе могуць адбыцца рэчы, якія выклічуць катаклізмы і ў РФ.

- Лукашэнка не саромеецца казаць аб сваёй датычнасці да выкрадання ўкраінскіх дзяцей. Ці дагаворыцца беларускі дыктатар да ордэра на арышт?

- Я хацеў бы, каб гэта адбылося. Ведаеце, іншыя злачынствы патрабуюць дакументацыі, працэдур, а Лукашэнка ж цяпер робіць памылку, публічна прызнаючыся ў тых рэчах, якія будуць кваліфікаваць як міжнароднае злачынства.

Гаворка ідзе не толькі пра знаходжанне дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны, але калі там ім будуць прамываць мазгі, то гэта будзе элементам генацыду, бо сціранне ўсякай ідэнтычнасці з'яўляецца прыкметай генацыду. Спадзяюся, што МКС у гэтым выпадку пашырыць спіс падазраваных, не толькі фюрэр расейскага свету, але і Лукашэнка апынецца ў тым жа юрыдычным статуце, што і Пуцін.

Беларуская дзяржава, якой кіруе Лукашэнка, з пункту гледжання міжнароднага права з'яўляецца такім жа агрэсарам, як і РФ. Хацелася б, каб і кіраўніцтва Беларусі патрапіла ў спісы тых, хто будзе адказваць за падрыхтоўку, правакацыю агрэсіі і вядзенне вайны, злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем і ўтрыманнем украінскіх дзяцей.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках