У Мінадукацыі вызначыліся з коштам падручнікаў у гэтым годзе
4- 3.08.2023, 21:38
- 3,862
Плату за падручнікі неабходна ўнесці да 1 кастрычніка гэтага года.
У 2023/2024 навучальным годзе ў Беларусі па-ранейшаму будзе дзейнічаць адзіная плата за карыстанне падручнікамі і дапаможнікамі для ўсіх навучэнцаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Кошт падручнікаў і дапаможнікаў для дашкольнікаў складае 0,2 базавыя адзінкі (7,4 рублі), за камплект падручнікаў паводле праграмы агульнай сярэдняй адукацыі трэба будзе заплаціць 0,5 базавай велічыні (18,5 рубля).
Плату за падручнікі неабходна ўнесці да 1 кастрычніка бягучага года.
Пры гэтым дзецям са шматдзетных сем'яў прадугледжаная зніжка на аплату падручнікаў сумай 50 адсоткаў.
Ёсць катэгорыя дзяцей, якія могуць карыстацца падручнікамі на бязвыплатных умовах, у іх ліку:
навучэнцы санаторных школ-інтэрнатаў, спецыяльных навучальна-выхаваўчых устаноў і спецыяльных лячэбна-выхаваўчых устаноў;
асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;
дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў;
дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, інваліды з дзяцінства;
дзеці, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі і якія пакутуюць ад анкалагічных захворванняў або хварэюць на туберкулёз;
школьнікі з сям'і, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам атрымлівае дзяржаўныя дапамогі на дзяцей старэйшых за 3 гады;
калі ў дзіцяці адзін з бацькоў, усынавіцеляў (удачарыцеляў) з'яўляецца інвалідам I або II групы.