Улады Літвы пракаментавалі беларускія пашпартныя праблемы
8- 6.09.2023, 21:49
- 16,556
Вільня ведае пра новыя абмежаванні для беларусаў-эмігрантаў.
Улады Літвы ведаюць пра новыя абмежаванні для беларусаў-эмігрантаў, ухваленыя Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта «Белсату» сказала дырэктарка Дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце. Яна запэўніла, што беларускія грамадзяне, як і раней, змогуць афармляць пашпарты іншаземца.
«Мы ведаем, што цяпер беларусы павінны вяртацца ў Беларусь, каб прадоўжыць дакументы. Аднак большасць беларусаў, якія тут жывуць і працуюць, маюць магчымасць вярнуцца, і яны гэта вельмі часта робяць», – адзначыла Гудзінскайце.
Тым, хто не можа з'ездзіць у Беларусь па новы пашпарт, Літва выдае спецыяльныя пашпарты для падарожжаў. Толькі трэба абгрунтаваць такое запатрабаванне:
«Мы асобна разглядаем кожны выпадак беларусаў, якія баяцца пераследу і не могуць ехаць у Беларусь. Калі сапраўды з аб'ектыўных прычынаў беларус не можа вярнуцца на радзіму, мы выдаем пашпарт замежніка».
Кіраўніца Дэпартамента міграцыі падкрэсліла, што пашпарт іншаземца могуць аформіць уладальнікі часовага або сталага ВНЖ.
«Мы ў Літве маем усе працэдуры, і мы гатовыя да тых выпадкаў, як цяпер, калі людзям спатрэбяцца пашпарты для падарожжаў, і яны не могуць атрымаць беларускі пашпарт, у іх будзе магчымасць аформіць пашпарт іншаземца ў Літве», – падсумавала Эвеліна Гудзінскайце.
Такі дакумент замяняе нацыянальны беларускі пашпарт у паездках за межы Літвы і прызнаецца амаль усімі краінамі, якія прызнаюць пашпарт грамадзяніна Літвы. Беларус з літоўскім пашпартам іншаземца можа свабодна падарожнічаць па Шэнгенскай зоне цягам максімум 90 дзён на паўгода (бо адначасова мае ВНЖ у Літве). Аднак усё роўна трэба афармляць візы тых краінаў, куды грамадзянам Беларусі бязвізавы ўезд забаронены.
Афармленне пашпарта іншаземца ў Літве будзе каштаваць 65 еўраў. Цягам пяці дзён улады павінны разгледзець заяву і пры станоўчай пастанове выдаць дакумент цягам яшчэ 30 дзён. Паскоранай працэдуры за дадатковую аплату цяпер няма. Тэрмін дзеяння такога пашпарта не павінен перавышаць тэрмін дзеяння ВНЖ, пры гэтым будзе не меншы за 3 месяцы і не большы за 5 гадоў.