ЕЗ абвясціў пра пачатак канфіскацыі рэзерваў Расеі
10- 16.01.2024, 21:02
- 28,480
Актывы Цэнтрабанка РФ на $300 млрд былі замарожаныя ў 2022 годзе.
Краіны Еўразвязу пачалі рэалізацыю прапановы Еўракамісіі аб выкарыстанні прыбыткаў, атрыманых ад $300 млрд замарожаных актываў Расеі, у інтарэсах Украіны, заявіў міністр фінансаў Бельгіі Вінцэнт ван Петэгем.
Ён і ягоныя калегі пацвердзілі "цвёрды намер хутка прасоўвацца ў гэтым пытанні". "Праца на тэхнічным узроўні ўжо пачалася, і мы збіраемся дасягнуць хуткага прагрэсу", – падкрэсліў ван Петэгем.
Актывы Цэнтрабанка Расеі на $300 млрд былі замарожаныя краінамі G7 і Аўстраліяй у 2022 годзе пасля пачатку вайны ва Украіне. Больш за $220 млрд знаходзяцца ў ЕЗ: яны ўключаюць гатоўку і дзяржаўныя аблігацыі ў еўрах, далярах і іншых валютах. У Кіеве неаднаразова заклікалі перадаць гэтыя сродкі на аднаўленне краіны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначаў, што гэта будзе "справядлівым і законным" крокам, а таксама сігналам для ўсіх "патэнцыйных агрэсараў" у свеце.
У снежні 2023-га Еўракамісія зацвердзіла механізм падаткаабкладання прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў і дазволіла накіраваць атрыманыя сродкі (windfall tax) на дапамогу Украіне. Паведамлялася, што ЕК спадзяецца сабраць на гэтыя мэты да €15 млрд.
У канцы снежня ЗША пачалі тэрміновыя перамовы з хаўруснікамі ў "Вялікай сямёрцы" (G7) пра выкарыстанне замарожаных расейскіх актываў для ваеннай падтрымкі Украіны, пісала The New York Times. Белы дом настойвае, каб Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, Італія, Канада і Японія выпрацавалі стратэгію для развязання гэтага пытання да 24 лютага – другой гадавіны ўварвання.
Да гэтага ЗША прапанавалі краінам G7 прызнаць сябе "пацярпелымі" ад расейскай агрэсіі супраць Украіны і на гэтай падставе канфіскаваць усе замарожаныя рэзервы Цэнтрабанка. Далей плануецца пералічваць гэтыя сродкі Кіеву траншамі праз Сусветны банк або Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Пры гэтым пераводы будуць залічвацца ў якасці "авансу" ў рамках кампенсацыі за шкоду ад вайны, якую павінна будзе выплаціць Расея для заключэння міру.
Разам з тым пастановы яшчэ не прынятыя, і шэрагу краінаў, у тым ліку ЗША і Вялікай Брытаніі, спатрэбіцца ўнесці змяненні ў заканадаўства, каб стварыць неабходныя паўнамоцтвы для правядзення такіх выключэнняў.