«Дагестан зробіць тое, што не змагла Чачэнія»
- 15.10.2024, 7:54
- 24,300
Раскіданне Расеі пачнецца з Каўказа.
Прэзідэнт Кангрэса народаў Дагестана ва Украіне, які ваяваў у складзе УСУ, Ахмад Ахмедаў мяркуе, што ў Дагестана ёсць усе шанцы пачаць раскіданне Расейскай Федэрацыі. РФ не здольная абараніць сваю Курскую вобласць, а на мяжу з Украінай сцягвае танкі 1970-х гадоў.
У праграме Валерыя Саўчука "Розныя людзі" Ахмедаў адзначыў, што Расея "ўжо не тая, што ў часы чачэнскіх войнаў", і спатрэбіцца не больш за тры дні, "каб Расеі ў Дагестане не стала".
Ахмедаў падкрэсліў, што разглядае за мэту свайго жыцця дэакупацыю Дагестана.
“Пасля першага выбуху, пасля першага налёту на расейскія вайсковыя часткі на тэрыторыю Дагестана яны на працягу трох дзён знікнуць з гэтага рэгіёна. Мы ведаем, наколькі расейскі чалавек баязлівы, наколькі слабы гэты акупант, мы ведаем іх нутро не з чутак”, - сказаў ён.
Такі сцэнар стане рэальным, калі ў Дагестане сфармуецца дастатковая колькасць дыверсійных груп і калі сілы супраціву будуць забяспечаныя ўзбраеннем і тэхнікай. РФ, паводле ягоных слоў, ужо не з'яўляецца моцнай краінай, паколькі занадта шмат сіл страціла падчас уварвання ва Украіну.
Крамлю ўжо настолькі не стае гарматнага мяса, што ён бярэ афрыканцаў з бедных краін і прымушае іх ваяваць на сваім баку ў вайне. Так што Дагестан расейцам не ўтрымаць, упэўнены Ахмедаў.
Ён канстатаваў, што ў Чачэніі не атрымалася выгнаць расейцаў, паколькі расейская прапаганда так працавала, што ўсе лічылі чачэнцаў тэрарыстамі, якія сякуць галовы і забіваюць жанчын у радзільных дамах. Больш за тое, чачэнцаў ніхто не падтрымаў, бо лічылі, што гэта “ўнутранае пытанне Расеі”.
Войскі РФ “разгладзілі” тэрыторыі Чачэніі так званымі дывановымі бамбаваннямі, у выніку чаго загінула 1/3 частка насельніцтва рэспублікі.
“Паглядзіце, што сёння ў Расеі, якія танкі зацягвае Расея на тэрыторыі Украіны - 1970-х гадоў. Яны Курскую вобласць не могуць абараніць. Калі б у Украіны было яшчэ пару дзесяцітысячных карпусоў, паверце мне, не толькі Курская вобласць, там можна было дастаткова шырокую тэрыторыю Расейскай Федэрацыі адрэзаць, спакойна ўкраінцы маглі дайсці да Краснадара, Сочы”, - сказаў Ахмедаў.