Меркель не падтрымала ідэю стаць перамоўшчыцай ад Еўропы ў перамовах з Расіяй
1- 18.05.2026, 18:02
Фота: Getty Images
Былая канцлерка Германіі заявіла, што ў перамовах павінны браць удзел дзеючыя еўрапейскія палітыкі.
Былая канцлерка Германіі Ангела Меркель заявіла, што ў магчымых перамовах Еўрасаюза і Расіі павінны браць удзел дзеючыя еўрапейскія палітыкі. Пра тое, што ў Брусэлі разглядаюць спадарыню Меркель у якасці перамоўшчыцы ад ЕС, паведамляла выданне Politico.
Меркель сказала, што не атрымлівала афіцыйных прапаноў прадстаўляць ЕС на перамовах з Расіяй. «Мы маглі весці (перамовы. — Заўв.) з прэзідэнтам (Расіі Уладзімірам. — Заўв.) Пуціным толькі таму, што мелі палітычную ўладу», — сказала Ангела Меркель у эфіры радыёстанцыі WDR, маючы на ўвазе абмеркаванні Мінскіх пагадненняў у 2014 годзе.
«Асабіста мне ніколі б не прыйшло ў галаву папрасіць пасрэдніка паехаць у Мінск ад майго імя і пагаварыць з Пуціным. Вы павінны ўзяць гэта ў свае рукі», — дадала былая канцлерка ФРГ.