У Беларусі могуць увесці плату за дастаўку пенсій
- 15.10.2024, 15:48
- 3,506
Для пэўнай катэгорыі пенсіянераў.
Могуць змяніцца ўмовы дастаўкі пенсій для "маладых" гарадскіх пенсіянераў, паведамляе БелТА.
Паводле слоў міністаркі працы і сацыяльнай абароны Наталлі Паўлючэнкі, у праекце ўказа аб сацыяльнай падтрымцы ёсць змяненні, якія тычацца асобных умоў дастаўкі пенсій.
У Беларусі з 1 ліпеня 2024 года змяніўся парадак выплаты пенсій, дапамог для сем'яў з дзецьмі і дапамогі ў доглядзе інвалідаў першай групы або людзей старэйшых за 80 гадоў. Гэта тычыцца жыхароў Менска, абласных гарадоў і раённых цэнтраў, дзе такія выплаты ў асноўным ажыццяўляюцца праз банкі.
Аднак на практыцы засталіся запыты ад пенсіянераў маладзейшых за 70 гадоў, якія не з'яўляюцца інвалідамі першай або другой групы і пражываюць у гарадах. Гэтыя пенсіянеры хочуць, каб пенсіі ім налічваліся ў паштовыя аддзяленні або прыносіў дадому паштальён.
- Для гэтай катэгорыі «малодшых» пенсіянераў прапануецца ўвесці права на аплату дастаўкі пенсіі за кошт уласных сродкаў паводле ўстаноўленых тарыфаў, - пракаментавала міністарка.