Лаўроў паскардзіўся, што «прыязныя» краіны адмаўляюцца запраўляць ягоны самалёт
10- 14.11.2024, 14:18
- 14,174
Міністру замежных спраў РФ даводзіцца падсаджвацца пасажырам на чужыя барты.
У міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова ўзніклі праблемы з абслугоўваннем самалёта з-за санкцый, уведзеных пасля пачатку вайны ва Украіне.
Кіраўнік расейскага ведамства расказаў, што "прыязныя" краіны адмаўляюцца запраўляць замацаваны за ім борт спецыяльнага лётнага атрада "Расея". Міністр здзяйсняць пералёты на Іл-96.
Паводле слоў Лаўрова, у 2023 годзе, калі ён адправіўся ў Паўднёваафрыканскую рэспубліку (ПАР) прадстаўляць прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на саміце БРІКС у Ёханэсбургу, была "цэлая гісторыя" з тым, каб вярнуцца назад. "Таму што, высвятляецца, там практычна ўсе кампаніі, якія ажыццяўляюць запраўку авіяцыйным палівам, яны не належаць краіне", – заявіў Лаўроў у інтэрв'ю для праекта "Новы свет".
Ён дадаў, што аналагічная праблема ўзнікла падчас ягонага візіту ў яшчэ адну краіну БРІКС — Бразілію. Тады Лаўрову давялося ляцець на сустрэчу з прэзідэнтам Луісам Лулай да Сілвай на самалёце свайго калегі Маўра Віейры. "Немагчыма было заправіцца", - паскардзіўся міністр, адзначыўшы, што такая сітуацыя "раздражняе".