«Ценевая эліта шпіёнаў»: Эван Гершковіч выпусціў расследаванне пра працу контрвыведкі ФСБ
1- 13.12.2024, 18:45
- 6,272
Ён стаў першым замежным журналістам, асуджаным расейскім судом за шпіянаж, з часоў халоднай вайны.
Журналіст Wall Street Journal Эван Гершковіч, асуджаны ў Расеі на 16 гадоў калоніі за шпіянаж і вызвалены ў выніку абмену ў жніўні 2024 года, апублікаваў сваё першае расследаванне пасля вяртання ў ЗША, піша BBC.
Яно прысвечанае дэпартаменту контрвыведных аперацый ФСБ, які, як піша WSJ, стаіць за справай Гершковіча і іншых фігурантаў справаў аб шпіянажы ў Расеі.
Гэтае ж падраздзяленне рыхтуе абмен замежнікаў на асуджаных на Захадзе расейцаў. На іх рахунку вяртанне ў Расею Вадзіма Красікава, экс-супрацоўніка расейскіх спецслужбаў, асуджанага ў ФРГ за забойства і абмянянага на Гершковіча.
Героя свайго першага пасля вызвалення журналісцкага расследавання рэпарцёр WSJ Гершковіч сустрэў у самалёце, які вёз яго з Расеі, дзе ён правёў за кратамі 16 месяцаў. Яго клічуць Дзмітрый Мінаеў, ён узначальвае дэпартамент контрвыведніцкіх аперацый (ДКВА) ФСБ.
Паводле звестак WSJ, менавіта ён кіраваў як арыштам, так і наступным абменам журналіста.
Журналіст быў арыштаваны падчас камандзіроўкі на Урал у 2023 годзе, а ў ліпені 2024 асуджаны да 16 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў шпіянажы. Ён стаў першым замежным журналістам, асуджаным расейскім судом за шпіянаж, з часоў халоднай вайны.
1 жніўня яго і яшчэ 15 асуджаных замежнікаў і расейскіх апазіцыянераў абмянялі на восем грамадзянаў Расеі, у тым ліку экс-супрацоўніка ФСБ Красікава, асуджанага ў Нямеччыне за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра. Гэта быў найбуйнейшы абмен такога кшталту з постсавецкага часу.
Пра дэпартамент амаль нічога не было вядома раней, піша Гершковіч і ягоныя суаўтары (за двума з іх падчас працы над матэрыялам адкрыта сачылі – у Вене і ў Вашынгтоне). Яны называюць дэпартамент «ценевай элітай шпіянажу». Менавіта ДКВА, на іхнюю думку, стварае ў Расеі «атмасферу палітычнага пераследу, якую спецдакладнік ААН у правах чалавека назваў беспрэцэдэнтнай у найноўшай гісторыі».
У ДКВА, паводле інфармацыі WSJ, працуе блізу 2000 чалавек, яны атрымліваюць высокія нават на меркі ФСБ заробкі (выданне не называе канкрэтныя сумы). Апошнім часам штат дэпартаменту павялічыўся ў два разы, пра гэта Гершковічу расказалі следчыя на допытах. За паспяховыя аперацыі працаўнікам належаць бонусы.
У дэпартаменту шырокае кола паўнамоцтваў, ён можа задзейнічаць у сваіх спецаперацыях супрацоўнікаў з іншых падраздзяленняў ФСБ і атрымліваць любое неабходнае прыкрыццё. «Як толькі сабраная каманда, яны атрымліваюць карт-бланш», – расказаў WSJ былы супрацоўнік іншай расейскай спецслужбы.
Кіраўніцтва ДКВА, сцвярджае WSJ, мае прамы доступ да Уладзіміра Пуціна. Генерал-маёр Уладзіслаў Меньшчыкоў, кіраўнік першай службы ФСБ, куды ўваходзіць ДКВА, асабіста дакладваў прэзідэнту пра арышт Гершковіча, піша выданне. Ён настолькі блізкі да прэзідэнта чалавек, што гуляе з ім у хакей, ведае WSJ.
Герой Расеі за вайну ў Чачні, генерал-лейтэнант Мінаеў, які ўзначальвае сам дэпартамент контрвыведкі, непасрэдна ўдзельнічае ў прыняцці пастановаў пра арышт таго ці іншага грамадзяніна ЗША і выбірае, на якіх менавіта расейцаў яго потым абмяняць, сцвярджаюць аўтары расследавання.
«Ён разумее ўсё, што адбываецца вакол яго – усё, – сказаў заходні чыноўнік, які сустракаўся з Мінаевым некалькі разоў. – Ён адразу ж разумее, хто – жалеза, а хто – ануча».
Кіраўнік ДКВА – непублічны чалавек, але ён асабіста суправаджаў абмяняных замежнікаў падчас вывазу з Расеі 1 жніўня, назваўшыся ім «супрацоўнікам ФСБ», і нават трапіў у кадр на адным са знятых тады відэа.
Разам з Мінаевым у самалёце быў Сяргей Латкоў, былы кіраўнік «дзясятага аддзялення» ДКВА, якое сочыць канкрэтна за замежнымі журналістамі. Цяпер Латкоў, паводле інфармацыі WSJ, працуе ў адміністрацыі прэзідэнта.
Расследаванне пралівае святло на тое, як працуе ДКРА. Паводле звестак журналістаў, спачатку дэпартамент атрымаў загад дамагчыся вызвалення Красікава, потым ужо пачаў падбіраць кандыдатаў на абмен. Для гэтага яны арганізавалі «кампанію ў арышце амерыканскіх грамадзянаў на расейскай тэрыторыі, уключаючы зорку баскетболу Брытні Грайнер». Грайнер была асуджаная за кантрабанду наркотыкаў і ў снежні 2022 года абмяняная на расейца Віктара Бута, прызнанага ў ЗША вінаватым у кантрабандзе зброі.
Гершковіч быў арыштаваны з мэтай далейшага абмену на Красікава, вынікае з расследавання. Ён называе сябе і былога амерыканскага марпеха Пола Уілана, таксама асуджанага ў Расеі за шпіянаж, «прынадай» для абмену Красекава.
«У адным з кабінетаў Першай следчай управы, седзячы пад двума партрэтамі Пуціна і аднаго – Дзяржынскага, галоўны следчы ў маёй справе патлумачыў, што мяне абвінавачваюць у працы на ЦРУ на той падставе, што ДКВА назвала мяне такім. Следчы сказаў, што яму гэтага даволі», – піша Гершковіч.
Гэтым дзейнасць ДКВА не абмяжоўваецца. Супрацоўнікі дэпартаменту стаяць за дзіўнымі інцыдэнтамі з удзелам замежнікаў у Расеі, у тым ліку за таямнічай смерцю сабакі амерыканскага дыпламата ў Расеі, сачэннем за дзецьмі, спробай вярбоўкі вучня школы пры амбасадзе і праколатымі шынамі ў машынаў дыпламатаў.
ДКВА таксама выяўляе цікавасць да амерыканцаў сярэдняга ўзросту з досведам службы ў войску, якія прылятаюць у Расею, каб сустрэцца з жанчынамі (ці мужчынамі), з якімі яны пазнаёміліся анлайн.
Дэпартамент працуе таксама ў іншых краінах, у тым ліку былых рэспубліках СССР, прывабліваючы там супрацоўнікаў ці выкрадаючы мясцовых жыхароў для будучых абменаў на супрацоўнікаў расейскіх спецслужбаў, сцвярджае WSJ.
Нарэшце, менавіта гэты дэпартамент разам з управай ваеннай выведкі ФСБ арганізаваў «чысткі» ў Мінабароны Расеі, піша WSJ са спасылкай на заходнія спецслужбы.
Ва Украіне ДКВА арганізуе выбухі на чыгунках і збірае інфармацыю пра высокапастаўленых чыноўнікаў. Са спасылкай на ўкраінскія крыніцы WSJ піша, што кіраўнік ДКВА Мінаеў датычны да замаху на кіраўніка ГУР украінскага Мінабароны Кірыла Буданава.