24 кастрычнiка 2026, Субота, 21:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійскія аэрапорты ў 2026 годзе амаль 3000 разоў закрываліся з-за дронаў

3
Расійскія аэрапорты ў 2026 годзе амаль 3000 разоў закрываліся з-за дронаў
Ілюстрацыйнае фота

Гэта ў 4,5 раза больш, чым годам раней.

У студзені–жніўні 2026 года расійскія грамадзянскія аэрапорты 2860 разоў закрывалі з-за ўвядзення абмежаванняў у сувязі з небяспекай БПЛА, падлічыў Forbes на падставе справаздач Расавіяцыі.

Гэта ў 4,5 раза больш, чым годам раней, калі план «Ковер» уводзіўся 643 разы без уліку абмежаванняў з-за метэаўмоў. За восем месяцаў 2025 года на запасныя аэрадромы былі перанакіраваныя 1174 рэйсы, але які паказчык у гэтым годзе, Расавіяцыя ў сваім тэлеграм-канале не паведамляла. Паводле дадзеных Forbes, колькасць перанакіраваных самалётаў магла ўзрасці прыкладна ў 4 разы.

Па ацэнцы гендырэктара кампаніі RunAvia Андрэя Патракова, колькасць сыходаў на запасныя аэрапорты са студзеня па верасень 2026 года магла ўзрасці да 4000–5000. Сёлета павялічылася і агульная працягласць дзеяння абмежаванняў з-за дронаў — у 4,1 раза, заявіў Патракоў. Паводле яго слоў, перабоі сталі даўжэйшыя і рэйсы цяпер часцей затрымліваюць або адмяняюць яшчэ ў аэрапорце адлёту, а не перанакіроўваюць. Цяпер сталі закрываць і авіягавані нават на Ўрале і ў Заходняй Сібіры, дзе пералётаў у гадзіну менш, чым у еўрапейскай частцы РФ. Па ацэнцы Forbes, страты авіякампаній ад планаў «Ковер» сёлета маглі перавысіць 200 млрд рублёў.

Напрыклад, выдаткі на адзін сярэдні рэйс пры яго перанакіраванні ў іншы аэрапорт у 2026 годзе складаюць прыблізна 1,1–2,1 млн рублёў, з якіх каля паловы ідзе на паліва, тады як летась гэты паказчык складаў 0,9–1,7 млн рублёў, ацэньвае Патракоў. Паводле яго слоў, калі закрыццё мэтавай авіягавані зацягваецца, да гэтага дадаецца гасцініца для пасажыраў і замена экіпажа, а прамыя выдаткі павялічваюцца да 1,9–3,4 млн рублёў.

Калі да гэтага дадаць аэрапортовае абслугоўванне, аплату экіпажа і недаатрыманую выручку, то за дзевяць месяцаў 2026 года, паводле ацэнкі эксперта, авіякампаніі маглі страціць ад 175 да 275 млрд рублёў. Ідзе гаворка пра 24 000 закранутых рэйсаў, з якіх 13 000 затрымалі, а 11 000 — адмянілі, заявіў Патракоў.

У кастрычніку з-за ўкраінскіх дронаў як мінімум пяць разоў узнікалі калапсы ў найбуйнейшым авіявузле Расіі — маскоўскім. Днём 23 кастрычніка былі закрытыя ўсе чатыры авіягавані — Внукова, Дамадзедава, Шарамецьева і Жукоўскі. У пятніцу затрымалі або адмянілі звыш 340 рэйсаў, расклад яшчэ больш як 200 пералётаў быў парушаны ў суботу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲