Генпракуратура нечакана ўзялася за экс-кіраўніка МУС Шуневіча
26- 5.12.2024, 19:20
- 39,436
У закрытым лісце пракуроры раскрытыкавалі працу ягонай арганізацыі.
Прадстаўнікі Генпракуратуры летам 2023 года праверылі, як ахоўваюць жывёл у паляўнічых угоддзях. Пасля праверкі ў «савет міністраў» быў адпраўлены дакумент, у якім крытыкуецца праца Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) — ім кіруе экс-міністр МУС Ігар Шуневіч. Пракуроры адзначылі, што арганізацыя не толькі недастаткова займалася аховай паляўнічых жывёл, але і яе кіраўніцтва неаднаразова парушала ўстаноўленыя законам правілы. «Зеркало» атрымала гэты дакумент дзякуючы дапамозе BеlPol.
Праверка пракуратуры паказала, што ў БТПР і лясгасах недастаткова займаюцца аховай жывёл, да выканання сваіх абавязкаў падыходзяць нядбала або зусім бяздзейнічаюць.
«Нададзенае паляўнічым карыстальнікам п. 30 Правілаў права спынення і надгляду транспартных сродкаў, а таксама рэчаў установамі РДГА „БТПР“ і ДЛГУ не выкарыстоўваецца, адпаведныя пратаколы надгляду не складаюцца, часопісы іх рэгістрацыі адсутнічаюць», — пішуць аўтары дакумента.
Арганізацыі-арандатары могуць уладкоўваць рэйды супраць браканьераў - але, на думку пракуратуры, робяць гэта не занадта актыўна.
«Палявыя мерапрыемствы па выяўленні і спыненні парушэнняў, якія праводзяцца паляўнічымі карыстальнікамі, з'яўляюцца неэфектыўнымі. Грашовыя сродкі на ахову паляўнічых жывёл часта не выдзяляюцца».
Пракуроры прыводзяць статыстыку за перыяд з 2021 да 2022 года. БТПР і лясгасы правялі больш за 10 тысяч палявых мерапрыемстваў. Вынікам рэйдаў лясгасаў стаў 41 адміністрацыйны працэс, у БТПР «такая практыка адсутнічае». У той жа час Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету выявіла больш за 800 парушэнняў на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў. У тым ліку - 474 факты незаконнага палявання і транспартавання паляўнічых жывёл. 127 з іх кваліфікавалі як злачынствы.
«Названыя звесткі сведчаць аб фактычным выкананні абавязкаў па ахове арандаваных паляўнічых угоддзяў Дзяржінспекцыяй, штат якой у 4 разы меншы за колькасць паляўнічых карыстальнікаў», — рэзюмуюць прадстаўнікі пракуратуры.
Таксама аўтары дакумента адзначаюць, што супрацоўнікі БТПР часта самі становяцца парушальнікамі Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Так, у 2022 годзе прадстаўнікі Дзяржінспекцыі зафіксавалі 113 парушэнняў, якія дапусцілі супрацоўнікі БТПР. У пяці выпадках гэта стала падставай для завядзення крымінальных спраў.
Чатыры супрацоўнікі на 108 тысяч га
Пракуроры адзначылі і іншыя праблемы. Напрыклад, супярэчнасць у законах. Адзін артыкул ПВКаАП - 3.30 - дазваляе супрацоўнікам арганізацыі складаць пратаколы на парушальнікаў. Аднак з іншага артыкула - 3.29 - вынікае, што тыя не могуць гэтага рабіць. Надзяліць іх гэтым правам мог бы «савет міністраў» — аднак на момант складання дакумента такая пастанова не была прынятая. Інфармацыі аб тым, што гэты недахоп ужо ліквідаваны, мы таксама не выявілі.
Прэтэнзіі пракуратуры таксама датычыліся скасаванай у 2018 годзе нормы мінімальнай колькасці работнікаў для аховы жывёл у залежнасці ад плошчы паляўнічых угоддзяў. Гэта прывяло да скарачэння штата і памяншэння фінансавання. У выніку, да прыкладу, ва ўгоддзях Вілейскай раённай арганізацыі БТПР на тэрыторыі 108 тысяч га выяўленыя чатыры выпадкі незаконнага палявання, але ахову забяспечвалі ўсяго чатыры супрацоўнікі, што недастаткова для эфектыўнай працы.
Таксама пракуратура адзначыла парушэнне правіл правядзення біятэхнічных мерапрыемстваў - адсутнасць кармавых палёў, пляцовак для падкормкі і спецыяльнага абсталявання для жывёл. Мясцовыя ўлады таксама дрэнна спраўляюцца з аховай жывёл у паляўнічых зонах, а ў некаторых раёнах такая праца ўвогуле не праводзіцца. Напрыклад, у Віцебскай і Гарадзенскай абласцях ахова жывёл у забароненых зонах практычна не ажыццяўляецца і фінансаванне на гэтыя мэты не выдзяляецца.
Мінлясгасу, БТПР і абласным выканкамам пракуратура даручыла ліквідаваць парушэнні і ўжыць захады для павышэння эфектыўнасці аховы жывёл.
Нагадаем, Ігар Шуневіч кіруе БТПР з 2021 года. Да гэтага - з 2012 да 2019-га ён быў міністрам унутраных спраў Беларусі. На пасадзе кіраўніка БТПР Шуневіч прапаноўваў дазволіць паляванне на чырвонакніжнага бурага мядзведзя там, «дзе яго вельмі шмат, занадта шмат, дзе ён перашкаджае жыць», выключыць з Чырвонай кнігі зуброў і перавесці іх у статус паляўнічых жывёл. Таксама ён прапаноўваў уключыць у спіс паляўнічых відаў рысь, шэрых жураўлёў, лебедзяў-шыпуноў і белых буслоў. Чырвоную кнігу Шуневіч называў рудыментам і «свайго кшталту „абцяжарваннем“ дзяржаўных прыродаахоўных інструментаў», які «перашкаджае хуткаму прыняццю пастаноў у дачыненні да тых ці іншых відаў жывёл».
Яшчэ з заяваў Шуневіча на пасадзе кіраўніка БТПР – паляўнічыя будуць запісвацца ў народнае апалчэнне са сваёй зброяй. Пазней ён паведаміў, што разглядаецца магчымасць выкарыстання ведаў і навыкаў членаў БТПР у інтарэсах тэрытарыяльнай абароны. А таксама заявіў, што паляўнічыя з кіраванага ім аб'яднання пры жаданні могуць стаць снайперамі - Міністэрства абароны арганізавала працэс іх перападрыхтоўкі.