Сталі вядомыя падрабязнасці сустрэчы Зяленскага з Эрдаганам
1- 8.03.2024, 20:48
- 6,706
Ідуць перамовы ў тым ліку пра вытворчасць зброі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пачаў сустрэчу са сваім турэцкім калегам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Адной з тэмаў павінна стаць вызваленне ўкраінскіх палонных. Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы паведаміў у Х.
«Я пачаў сустрэчу з прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Я ўдзячны Турцыі за надзейную падтрымку Украіны», – расказаў Зяленскі.
У кантэксце пачатку перамоваў украінскі прэзідэнт адзначыў, што Украіна, Турцыя, увесь рэгіён і глабальная харчовая бяспека патрабуюць «безумоўнай бяспекі суднаходства ў Чорным моры».
«Мы можам дамагчыся гэтага, працуючы разам», – дадаў ён.
Таксама Зяленскі падкрэсліў, што Украіна зацікаўленая ва ўмацаванні двухбаковага супрацоўніцтва і вытворчасці з турэцкімі абароннымі кампаніямі.
У той самы час, паводле словаў Зяленскага, Украіна мае патрэбу ў дапамозе Турцыі ў вызваленні ваеннапалонных і ўсіх украінцаў, уключаючы крымскіх татараў, якія знаходзяцца ў палоне ў Расеі.
Нагадаем, сёння, 8 сакавіка, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў з працоўным візітам у Турцыю. Яго таксама суправаджаў міністр абароны Украіны.