У Косаве цалкам забаранілі сербскія дынары
3- 12.05.2024, 21:39
- 3,718

Цяпер усе грашовыя аперацыі павінны ажыццяўляцца ў еўрах.
У Косаве закончыўся пераходны перыяд, цягам якога трэба было цалкам адмовіцца ад выкарыстання сербскага дынара. Цяпер усе грашовыя аперацыі павінны ажыццяўляцца ў еўрах, піша газета Politika са спасылкай на эфір тэлеканала RTK.
Забарона на выкарыстанне дынараў у Косава пачала дзеянне 1 лютага. Потым урад заклікаў Цэнтрабанк Косава даць грамадзянам, якія выкарыстоўваюць дынары, пераходны перыяд да 12 траўня, каб адаптавацца да новых правілаў.
У гэты перыяд карныя захады не ўжываліся, але грамадзяне былі праінфармаваныя пра новае рэгуляванне грашовых выплатаў, адзначае газета. Камерцыйным банкам, якія працуюць у Косава, было даручана адкрыць новыя філіялы на поўначы – там жывуць пераважна сербы.
У Прышціне абвясцілі, што пачнуць ужываць захады супраць усіх, хто выкарыстоўвае для разлікаў у Косава валюту, адрозную ад еўраў, піша Politika. У пастанове Цэнтрабанка дзяржавы гаворыцца, што грамадзянам не забаронена выкарыстоўваць іншыя валюты для захавання сродкаў гатоўкай або на банкаўскіх рахунках, а таксама для здзяйснення міжнародных плацяжоў.