ЕС тэрмінова шукае спосаб прадаставіць Украіне €140 млрд з замарожаных актываў РФ
2- 13.10.2025, 22:54
- 2,438
Калі гэта можа адбыцца?
Еўрапейскі саюз усё больш пераконваецца, што выкарыстанне прыблізна €200 млрд замарожаных расійскіх актываў — адзіны спосаб забяспечыць стабільнае фінансаванне Украіны на тле таго, што ЗША больш не будуць плаціць за ўзбраенне для Кіева. Пра гэта 13 кастрычніка паведаміла Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Суразмоўцы выдання адзначаюць, што тэрміновасць пытання абумоўленая тым, што цяжар фінансавання ваенных і эканамічных патрэбаў Украіны цяпер кладзецца на Еўропу. Пры гэтым некалькі краін ЕС ахоплены палітычнымі і бюджэтнымі праблемамі, спрабуючы адначасова павялічваць выдаткі на ўласную бяспеку.
Паводле крыніц выдання, Кіеву можа спатрэбіцца больш за $200 млрд для падтрымкі абароны і фінансавых патрэб да канца гэтага дзесяцігоддзя, калі вайна працягнецца.
Паводле планаў, што абмяркоўваюцца ў ЕС, Украіна атрымае прыблізна €140 млрд ($163 млрд) у выглядзе новых крэдытаў пад заклад замарожаных актываў. Грошы будуць вярнутыя толькі ў тым выпадку, калі Расія пагодзіцца кампенсаваць Украіне шкоду ад вайны.
ЕС неаднаразова заяўляў, што актывы будуць заставацца замарожанымі, пакуль гэта не адбудзецца, і шукае спосаб захаваць сродкі заблакіраванымі на аснове галасавання большасцю, а не аднагалоснасці, якая патрабуецца цяпер.
Лідары ЕС пастараюцца дасягнуць палітычнай згоды наконт выкарыстання актываў на саміце ў Бруселі, правядзенне якога запланавана на 22–24 кастрычніка гэтага года.
Пасля гэтага Еўракамісія прыступіць да распрацоўкі юрыдычнага механізму для выдзялення грошай да ІІ квартала 2026 года.