З расійскай артылерыяй на фронце адбываецца нешта дзіўнае
3- 18,430
Сітуацыя люстрана змянілася.
За час поўнамаштабнай вайны характар страт расійскай артылерыі істотна змяніўся, што, верагодна, ускосна адлюстроўвае вычарпанне запасаў сучасных артсістэм. Пра гэта ў сацсетцы Х піша аналітык адкрытых даных (OSINT) Рычард Верэкер, заўважыў unian.net.
Ён адзначыў, што на пачатку вайны большую частку расійскіх страт у артылерыі складалі самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Аднак у 2025 годзе сітуацыя люстрана змянілася, і цяпер прыкладна 2/3 расійскіх страт у артылерыі прыпадае на буксіруемыя гарматы.
Яшчэ адна трансфармацыя звязана з калібрам гэтых гармат. На пачатку вайны каля 2/3 страт прыпадала на асноўны артылерыйскі калібр расійскай арміі — 152 мм. Аднак цяпер на яго прыпадае толькі 11% ад агульнай колькасці страчаных гармат, тады як астатняе ў асноўным складаюць артылерыйскія ўстаноўкі калібру 122 мм.
Верэкер адзначае, што візуальна пацверджаныя страты не абавязкова дакладна адлюстроўваюць тое, у якіх прапорцыях расіяне выкарыстоўваюць розныя тыпы гармат. Аднак пры адсутнасці іншых верыфікаваных даных гэта пакуль з’яўляецца найлепшым даступным паказчыкам таго, чым ваююць расіяне сёння.