У Беларусь усё часцей залятаюць расійскія дроны
5- 1.10.2026, 15:40
- 1,294
Адзін з дронаў даляцеў да ўсходніх ускраін Мінска.
У верасні 2026 года зафіксавана істотнае павелічэнне выпадкаў парушэння паветранай прасторы Беларусі расійскімі ўдарнымі беспілотнікамі. Такую выснову зрабіў «Флагшток» па выніках маніторынгу.
Усе выпадкі залётаў расійскіх БПЛА адзначаліся ў Гомельскай вобласці. Прычым яны былі ўжо не адзінкавыя, як у папярэднія месяцы, а масавыя. 12–13 верасня, паводле падлікаў журналістаў пры вывучэнні даных украінскіх маніторынгавых каналаў, мінімум 10 расійскіх БПЛА парушылі паветраную прастору Беларусі. Некалькі дронаў паглыбіліся на тэрыторыю Гомельшчыны і накіроўваліся ў бок Нараўлі, Мазыра і Лельчыц. Тады ж адзін з дронаў даляцеў да ўсходніх ускраін Мінска — характэрны гук матора мапеда пачулі жыхары Уручча:
«Гэта было вельмі незразумела і трывожна. Ні да, ні пасля такога не здаралася. Але гэты гук ні з чым не зблытаеш», — паведаміў жыхар Мінскага раёна на ўмовах ананімнасці.
Судзячы з паведамленняў маніторынгавых рэсурсаў, большасць дронаў, што трапілі ў Беларусь, выляцелі назад ва Украіну, але дакладнай інфармацыі пра ўсе беспілотнікі, якія ўварваліся на Гомельшчыну, няма. Як правіла, гэта былі не рэактыўныя, а класічныя «Герані».
Цягам сутак 21 верасня зноў фіксаваліся шматлікія лакальныя парушэнні паветранай прасторы Беларусі расійскімі ўдарнымі беспілотнікамі падчас атакі па тэрыторыі Украіны.

Некаторыя БПЛА прайшлі звыклым маршрутам, скараціўшы шлях праз выступ Брагінскага раёна пры пралёце праз зону адчужэння, а іншыя працягнулі палёт углыб краіны і знаходзіліся ў раёне Ельска і Хойнікаў.
Усяго ў той дзень было зафіксавана мінімум 7 залётаў расійскіх ударных дронаў у Гомельскую вобласць.
Яшчэ як мінімум 3 расійскія БПЛА парушылі паветраную прастору Беларусі 24 верасня. Адзін з іх фіксаваўся ў раёне Лоева.
30 верасня каля 08:00 чарговы рэактыўны БПЛА праляцеў праз Гомельскі раён паблізу Зябраўкі і рухаўся ўздоўж мяжы, пасля чаго, верагодна, вылецеў ва Украіну.
Такім чынам, усяго за верасень расійскія беспілотнікі ўварваліся ў Гомельскую вобласць мінімум 21 раз. Гэта найбольшая колькасць за месяц у 2026 годзе. Напрыклад, у жніўні такіх выпадкаў было ўсяго сем.
У той жа час працягваюцца пастаянныя пралёты класічных і рэактыўных БПЛА ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Частку з іх на гэтым участку ўдаецца збіваць, таму жыхары гомельскага памежжа рэгулярна чуюць гукі выбухаў на суседняй тэрыторыі.
Прыкметна, што павелічэнне колькасці залётаў на тэрыторыю Беларусі суправаджаецца паведамленнямі ўкраінскага боку пра ўключэнне рэтранслятараў на беларускай тэрыторыі.