У Беларусі вывелі цукровыя буракі, якія змагаюцца з пустазеллем
2- 1.10.2026, 15:53
Гэты гібрыд абыходзіцца без хімічных апрацовак.
Беларускія селекцыянеры вывелі новы гібрыд цукровых буракоў, паведамляе прэс-служба Мінсельгасхарчу. Гібрыд з маркіроўкай «РУП 363 ССС» стварылі спецыялісты РУП «Вопытная навуковая станцыя па цукровых бураках» і расійскай кампаніі «СоюзСемСвекла».
Асноўная асаблівасць гібрыда — хуткі рост: ён усходзіць і набірае масу хутчэй за пустазелле, пры гэтым захоўвае імунітэт. Яшчэ адна перавага — прыроджаная ўстойлівасць да ліставых інфекцый і мучністай расы. Паводле звестак ведамства, гэта дазваляе абыходзіцца без хімічных апрацовак.
Гібрыд таксама талерантны да рызаманіі, віруснай хваробы, якая паражае карані. Дзякуючы гэтаму ён не толькі выжывае ў заражанай глебе, але і працягвае назапашваць сахарозу.
Па цукрыстасці новы гатунак адносіцца да нармальнага тыпу (N), а да сярэдніх тэрмінаў уборкі буракі дасягаюць аптымальнай кандыцыі. У Мінсельгасхарчы адзначаюць, што каранёплод добра падыходзіць для перапрацоўкі на цукар: ён лёгка драбніцца і дае максімум цукру.