Што можа актываваць арт. 5 НАТА?
3- 1.10.2026, 20:04
- 1,072
Еўракамісар назваў сцэнар з удзелам Расіі.
Ракетны або іншы паветраны ўдар з боку РФ па заводзе па вытворчасці зброі на тэрыторыі Еўропы павінен стаць падставай для прымянення арт. 5 НАТА аб калектыўнай абароне. Пра гэта 1 кастрычніка заявіў еўракамісар па пытаннях абароны Андрус Кубілюс, якога цытуе Politico.
Яго заява прагучала пасля пагрозаў Масквы на адрас еўрапейскіх прадпрыемстваў, што вырабляюць узбраенне для Украіны.
«Калі Расія нанесце ўдар па нашых заводах на еўрапейскай тэрыторыі, гэта будзе арт. 5», — сказаў Кубілюс у кулуарах пасяджэння камітэта Еўрапарламента па пытаннях абароны і бяспекі.
Памочнік еўракамісара ўдакладніў выданню Politico, што Кубілюс меў на ўвазе менавіта авіяцыйную бамбардзіроўку або ракетны ўдар па прадпрыемстве.
Напярэдадні прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што зброевыя заводы ў еўрапейскіх краінах, якія вырабляюць узбраенне для Украіны, з’яўляюцца «патэнцыяльнымі ваеннымі мэтамі для Расіі».
У НАТА на словы Кубілюса адрэагавалі стрымана. Адзін з дыпламатаў Альянсу заявіў, што вызначаць, што менавіта актывуе арт. 5, павінна НАТА. Прадстаўнік Альянсу таксама нагадаў словы генеральнага сакратара Марка Рутэ пра тое, што арт. 5 «наўмысна неадназначны», каб не даваць праціўнікам дакладнага ўяўлення пра магчымы адказ.
Politico таксама адзначае, што апошнім часам у Еўропе стала больш падазроных інцыдэнтаў на прадпрыемствах абароннай прамысловасці. Эстонія, у прыватнасці, заявіла, што за падпалам на прадпрыемстве Milrem Robotics стаялі расійскія спецслужбы. Падобныя інцыдэнты расследуюць Балгарыя, Польшча і Славакія.