РФ нанесла ўдар па ЦЭЦ у Харкаве пасля заявы Трампа пра перамір'е
8- 11.10.2026, 20:26
- 2,276
Зяленскі заявіў, што РФ працягвае атакаваць украінскую энергетыку.
11 кастрычніка Расія атакавала ЦЭЦ-5 у Харкаве — гэта адбылося праз некалькі гадзін пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб пачатку «энергетычнага перамір'я» паміж Украінай і РФ.
Пра гэта заявіў кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі у Telegram.
«Сёння ёсць заява Прэзідэнта Злучаных Штатаў пра тое, што энергетычнае спыненне агню дасягнута. Гэта добрая навіна для ўсіх, важна, каб гэта стала часткай рэальнасці. Украіна падтрымлівае ўсе рэальныя і надзейныя фарматы спынення агню і спынення вайны», — падкрэсліў Зяленскі.
Паводле яго слоў, Украіна гатовая не наносіць ўдары па расійскай энергетыцы, аднак для гэтага патрэбная аналагічная гатоўнасць Расіі.
Зяленскі звярнуў увагу на тое, што нядаўнія дзеянні ворага сведчаць пра адваротнае. Так, 11 кастрычніка ў небе Украіны былі расійскія «шахеды» і авіябомбы. Акрамя таго, былі зафіксаваныя ўдары РФ па энергетыцы.
«Толькі што быў удар па ЦЭЦ-5 у горадзе Харкаў, па энергетыцы ў Харкаве. Усяго за адзін гэты тыдзень расіяне нанеслі больш за 200 удараў па аб'ектах нашай генерацыі і перадачы электраэнергіі ва Украіне. Яшчэ 17 удараў за тыдзень было па газавых і нафтавых аб'ектах тут, ва Украіне», — заявіў Зяленскі.