Раскрыта таямніца здароўя найстарэйшай чарапахі ў свеце
1- 12.10.2026, 21:26
У арганізме 194-гадовай чарапахі знайшлі магчымы ключ да даўгалецця.
Даследчыкі медыцынскага цэнтра Універсітэта Вандэрбільта выявілі магчымае тлумачэнне даўгалецця гіганцкай чарапахі Джонатана, узрост якой ацэньваюць прыкладна ў 194 гады. Навукоўцы высветлілі, што ўчасткі яго геному, якія рэгулююць працу генаў, звязаных з вытворчасцю клетачнай энергіі, захавалі незвычайна высокую ступень упарадкаванасці. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Science Advances.
Навукоўцы прааналізавалі эпігеном Джонатана — сукупнасць хімічных метак, якія рэгулююць актыўнасць генаў, не змяняючы саму паслядоўнасць ДНК. З узростам у гэтых механізмах можа нарастаць беспарадак, або энтрапія. Гэта можа парушаць працу генаў і мітахондрый — клетачных структур, якія вырабляюць энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Такія змены звязваюць з працэсамі старэння.
Аднак у Джонатана ўчасткі ДНК, што рэгулююць гены, задзейнічаныя ў выпрацоўцы энергіі мітахондрыямі, захавалі высокую ступень упарадкаванасці. На думку даследчыкаў, гэта можа быць адным з фактараў, якія дапамагаюць чарапасе пазбягаць некаторых узроставых парушэнняў, такіх як зніжэнне функцый тканін і органаў.
Джонатан нарадзіўся прыблізна ў 1832 годзе на Сейшэльскіх астравах, а ў 1882 годзе яго перавезлі на востраў Святой Алены ў Атлантычным акіяне. Цяпер ён жыве на тэрыторыі рэзідэнцыі губернатара вострава. Для даследавання навукоўцы выкарысталі невялікі ўзор тканіны з унутранага боку яго шчакі: браць кроў у жывёлы не дазволілі з асцярогі за яго здароўе.
Аўтары лічаць, што вынікі могуць дапамагчы лепш зразумець механізмы здаровага старэння і знайсці спосабы падтрымліваць працу мітахондрый у людзей. Аднак даследаванне не даказвае, што аналагічны эфект можна ўзнавіць у чалавека. Для пацвярджэння высноваў спатрэбяцца далейшыя даследаванні.