Шматдзетная беларуска ў Дзень маці апублікавала «крык душы»
1- 15.10.2026, 13:54
Жанчына шукае працу з заробкам «хаця б 1500 рублёў».
Шматдзетная маці з Мінска напісала ў Threads, што не можа знайсці працу з заробкам «хаця б 1500 рублёў».
«Чаму так складана знайсці працу шматдзетнай маці? Сёння — чарговая адмова. І гэта зноў дзяржаўная структура, нават з заробкам 1000 рублёў. Я не разумею: што са мной не так?
Жыву ў Мінску, адна выхоўваю чацвярых дзяцей. Мне патрэбная праца з афіцыйным афармленнем, графікам 5/2 (8 гадзін) і хаця б «чыстымі» 1500 рублёў. Гэта ж не касмічныя патрабаванні для сталіцы! Але чамусьці ніхто не хоча мяне браць.
Дзяржаўныя ўстановы адказваюць адмовамі, а прыватныя кампаніі часта прапануюць або ненармаваны дзень, або зарплату ніжэй за пражытковы мінімум».
Жанчына распавяла, што па адукацыі яна тэхнолаг без досведу, «працавала на заводзе размеркавальніцай, прадавачкай, швачкай, цырульніцай». Цяпер гатовая разглядаць вакансіі рабочай, кладоўшчыцы і вучыцца.
«Глядзела вакансію санітаркі з заробкам 800 р. Але мне гэтыя грошы — толькі аплаціць «камуналку», крэдыт, школу, садок. І то не хапае яшчэ 100 р. І пытанне, як мне жыць, а дакладней — і маім дзецям? Гэта лекі і адзенне, і мінімум прадуктаў».
Сваё звяртанне жанчына падпісала як «крык душы» і сімвалічна апублікавала яго ў Дзень маці, адзначае «Салідарнасць».
На пост адгукнуліся іншыя жанчыны, якія сутыкнуліся з той жа праблемай:
«У мяне такая самая сітуацыя: шукаю падпрацоўку, і гэта цяжка ў Беларусі».
«У мяне двое дзяцей — тое самае».
«У мяне нуль дзяцей, але праблема тая ж».
«Я з вышкай і без вопыта таксама нічога хаця б на 1500 р. знайсці не магу. Ангельская і гішпанская мовы — С1».
Асноўнай прычынай, з-за якой жанчыны ў краіне з крытычна нізкай нараджальнасцю не могуць знайсці працу, на думку некаторых каментатараў, з'яўляюцца дзеці.
«Усе працадаўцы баяцца бальнічных».
«У РБ шматдзетным можна працаваць не 5 дзён, а 4. Плюс пастаянныя бальнічныя. Я б сабе такога работніка не наймаў. Я ж не дабрачыннае таварыства».
«Вы ўсе выдатна разумееце, што самі б не ўзялі да сябе на працу такую жанчыну. Хто будзе працаваць за вас?».
«З аднаго боку, я вам спачуваю, з другога — вы ж абыходзіце бокам той факт, што адразу ўспомніце пра «матчын дзень» для шматдзетных… Рабіць чужую працу пастаянна мала каму ў радасць».
«Нікому не пажадаю такую калегу. Месяцамі будзе сядзець на бальнічным, а заробкі ў нас будуць аднолькавыя».
«Цяпер «праблема» з шматдзетнымі ў наймальніка — гэта іх сацыяльныя гарантыі паводле Працоўнага кодэкса: шматдзетная маці з дзецьмі да 18 гадоў мае права на адзін аплатны выходны на тыдзень, альбо на штодзённае скарачэнне працоўнага дня на гадзіну… Вось і ўявіце, як наладзіць, зыходзячы з вышэйзгаданага, графік, узаемазамяняльнасць і г.д.».
«Уявіце завод, паточную вытворчасць, абменны пункт банка, яшчэ нешта. Зараз кампаніі асабліва не наймаюць вялікую колькасць персаналу, усе людзі загружаныя па самыя вушы і нават больш. Пры гэтым у калектыве ёсць такі работнік, які, як мне здаецца, працуе крыху менш, а атрымлівае амаль столькі ж. А калі яшчэ частыя бальнічныя?».
Некаторыя каментатары спрабавалі даваць канкрэтныя парады, напрыклад, «не казаць на субяседаванні, што ёсць дзеці» або шукаць прыватнікаў, бо «з імі можна дамовіцца».
Таксама раяць звярнуцца ў Цэнтр занятасці або шукаць «вялікі калектыў, дзе можна падзяліць працу, калі вы будзеце браць бальнічны».
Хтосьці раіў і канкрэтныя вакансіі:
«Прыходзьце ў сярэднюю школу №70 пасудамыйшчыцай».
«Паспрабуйце ў любую страхавую, менеджарам кал-цэнтра».
«Ідзі на завод — возьмуць. Дзіўна, што не можаш знайсці».
«У мяне знаёмая падпрацоўвае раніцай у клінінгу, прыбірае офіс, прыкладна 2,5 гадзіны — 600 руб. Паглядзіце ў гэты бок. Але калі часта хадзіць на бальнічныя, то трымаць вас там не будуць».